Тэатр, як і жыццё, бессмяротны


Тэатр, як і жыццё, бессмяротны

У сваёй новай кнізе Вольга Раўчанка ў якасці эпіграфа змясціла такія словы: “Акцёры ў мяне толькі таму не Багі, што смяротныя”. А я хачу падкрэсліць, што тэатр, як і жыццё, вечны. Ён жа існуе з далёкай старажытнасці, жыве і развіваецца і цяпер. Нягледзячы на прагрэс: кіно, тэлебачанне, інтэрнэт… Жывуць у стагоддзях і імёны выдатных артыстаў. Так што можна смела сказаць, што і тэатр, і акцёры – бессмяротныя!

Размова ідзе пра кнігу члена Саюза пісьменнікаў, лаўрэата шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх прэмій, празаіка і перакладчыка Вольгі Раўчанкі “У тэатр – за тайнай, за падтэкстам!” (“В театр – за тайной, за подтекстом!”) (Мазыр, “Калор”, 2019). Кніга гэтая атрымала высокую ўзнагароду – адзначана прэміяй імя Кірылы Тураўскага, устаноўленай Гомельскім абласным выканаўчым камітэтам.

Аўтар – вялікі аматар тэатра – дзеліцца сваімі ўражаннямі аб спектаклях Гомельскіх тэатраў двух розных перыядаў: 2002 -2010 і 2018 – 2019 гадоў. А я ўспомніў спектакль Гомельскага абласнога драматычнага тэатра “Я пабудаваў дом”, які пашчасціла паглядзець у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэта трэба было бачыць: акцёры, як заўсёды ў гэтым тэатры, ігралі цудоўна, было сямнаццаць выканаўцаў – усе працавалі на сцэне так, быццам гэта пастаноўка конкурсная, душу ўкладвалі ў тое, што рабілі! І ў гэты момант я звярнуў увагу на залу: вы не паверыце – там было таксама… сямнаццаць  (!) гледачоў. Час быў такі, што людзям было не да тэатраў. Але ж артысты, артысты выкладваліся па поўнай, як робіць гэта і танцавальны ансамбль “Харошкі”, які паказвае вышэйшае майстэрства пры любой напоўненасці залы. Таму што прафесіяналы!

Даводзілася бачыць  пастаноўкі і Маладзёжнага тэатра, які ў абласным цэнтры (і не толькі!) палюбілі гледачы, і іншых артыстаў Гомельшчыны. Пра іх з любоўю расказвае Вольга Раўчанка. Прычым робіць гэта высокапрафесіянальна, з пачуццём меры і такту. Свае ўражанні  ад убачанага ў тэатрах, ад сустрэч і гутарак з майстрамі сцэны яна звязвае з падзеямі культурнага жыцця ў нашай краіне і за мяжой, арганічна ўводзіць свае развагі ў агульную плынь аповеду пра тэатральнае жыццё роднага горада.  

Аўтар кнігі – вядомы перакладчык з італьянскай, іспанскай і іншых моў, выдатна валодае сітуацыяй у тэатральным і наогул у культурным жыцці не толькі нашай краіны, але і Еўропы, гэта, безумоўна, знайшло сваё месца ў тэкстах, якія выйшлі з-пад пяра Вольгі Раўчанкі. Упэўнены, што кожны чытач адкрые для сябе шмат новага, цікавага, захапляльнага, адчуе асалоду ад інтэлектуальнай прозы.

Міхась СЛІВА

СКАЧАТЬ