Менавіта так можна ахарактарызаваць новую, цудоўную кнігу Соф’і Шах “Жарты – рэха праўды”. Яна выйшла ў свет у КПУП “Калор” (Мазыр, 2019) і адзначана прэстыжнай прэміяй імя Кірылы Тураўскага, заснаванай Гомельскім аблвыканкамам.
Паэтэсу Соф’ю Шах многія чытачы ведаюць, перш за ўсё, як аўтара шматлікіх выдатных санетаў і філасофскіх вершаў, як цудоўнага перакладчыка. І вось таленавітая творца парадавала нас зваротам да дзіцячай тэматыкі. А гэты напрамак, як вядома, адзін з самых цяжкіх і адказных. Бо дзеці – чытачы шчырыя, востра адчуваюць фальш і штучнасць. А кніга “Жарты – рэха праўды” якраз і адрасавана дзецям дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Таму і адказнасць аўтара за напісанае надзвычай вялікая.
Трэба сказаць, што кніга атрымалася выдатная! Паэтычныя творы напісаны ў займальнай форме, накіраваны на развіццё мыслення дзяцей, пачуцця гумару і жарту, узбагачэнне актыўнага слоўнікавага запасу. І юны, і дарослы чытач атрымае асалоду і карысць ад твораў Соф’і Шах, шчыра і добразычліва ўсміхнецца і з задавальненнем папоўніць свае веды пра навакольны свет:
Зажурыліся мядзведзі,
перапоўніліся смуткам:
столькі іх на белым свеце –
вось бы ўсім сабрацца гуртам!
Белагруды, буры, белы –
гэта гурт яшчэ не цэлы.
Грызлі, барыбал, губач,
акулярнік і малайскі…
Ім сустрэчу, калі ласка,
панда, ты прызнач!
(“Мядзведзі).
Сваім пазнавальным зместам кніга пашырае кругагляд чытачоў, далучае да сапраўднага разумення прыгажосці роднага краю, мілагучнасці беларускай мовы.
Выданне складаецца з некалькіх раздзелаў: першы з іх прысвечаны дрэвам, другі – рыбам, трэці – звярам, наступныя – птушкам, музычным інструментам, прафесіям людзей, порам года, перыядам часу, колерам. І ўсё гэта звязана з роднай прыродай, яе флорай і фаунай, з жыццём. Вось, да прыкладу, верш “Чырвоны”:
Намалюю я касцёр,
захачу – і памідор,
ружаў полымны букет
і цюльпаны можна ўслед.
Можна – яблык і гранат
і сунічак цэлы рад…
Тут не жоўты, не зялёны –
трэба колер тут чырвоны.
А як па-майстэрску паэтэса расказвае пра птушынае царства, перадаючы гукі алфавіта роднай мовы! Гэта трэба чытаць!
Міхась СЛІВА
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси