Гэты радок, на мой погляд, расчыняе дверы ў той дзіўны сусвет, дзе жыве, ствараючы свае цудоўныя вершы і песні, таленавітая паэтка з вёскі Развадава, што на Клічаўшчыне, член Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Фёдараўна Габрусева.
Адкрываючы гэты зборнік, амаль што з першых старонак задаеш сабе пытанне: як гэта далікатная жанчына з няпростым жыццёвым лёсам, жанчына, якая прысвяціла большасць свайго жыцця нялёгкай службе ў органах унутраных спраў (Ты золатам чэсці прашыты / Наскрозь, міліцэйскі мундзір.), зберагла і пранесла праз гады і нягоды цнатлівасць душы, чысціню і тонкасць светаадчування? Сапраўды, паэты – людзі, пацалаваныя Богам, людзі, здольныя бачыць і прадбачыць утоенае для большасці. І не толькі бачыць, але і перадаваць свае адчуванні іншым праз гарманічную мелодыю вершаваных радкоў. Гэта выснова поўнасцю адпавядае творчасці Валянціны Габрусевай:
Хіба стала б я паэтам,
Каб не ўмела пазычаць.
У бязмежным лузе – росы,
У жыта – васількоў букет,
У бяроз – сівую просінь,
У вясны – жыцця прывет!
Тэматыка яе вершаў разнастайная, але праз увесь гэты зборнік чырвонай ніткай праходзіць тэма любові да Радзімы (“Адзіная ты для мяне на свеце, / Мая святая родная зямля,” – прызнаецца паэтка), да роднай клічаўшчыны:
Любы сэрцу, мой край,
Хай не злічыць зязюля,
Тваіх сонечных дзён
Праз гады і вякі,
Ты нязмоўчна гучы
Светлай песняй матулі,
Дзе люляюць твой спеў
Хвалі Ольсы ракі.
Любоў да ўсёй беларускай зямлі:
Да сябе прытулю,
Раскажу, як люблю
Твой блакіт, што мне піць - не напіцца,
Беларускі мой край,
Ясны казачны рай,
Дзе пашчасціла мне нарадзіца.
Гонар за поспехі землякоў:
Блакiтна-сiнi небакрай
Дае размах шырокiм крылам,
Квiтнее клiчаўскi мой край,
Мацнеюць дух яго i сiла.
Але не толькі аб любові да роднай зямлі гаворыць паэтка. Яна, зразумела, дакранаецца ў сваіх вершах да тэмы жаночага шчасця:
Ой, прымай вяночкі
У дачок, Купала,
Каб на ўсе гадочкі
Шчасцейка ставала.
Падымае філасофскія пытанні аб лёсе, кароткачасовасці жыцця, неабходнасці дарыць людзям дабрыню. Сумуе аб тым, што не збылося.
…ды позна цяпер, што тады было рана,
А шчасце – яно недзе там, пад луной.
…Стаю на раллі, што не мною ўзарана,
І ў восень я сею, што сеюць вясной.
Шматграннасць таленту Валянціны Габрусевай яскрава вызначаецца таксама наяўнасцю ў гэтым зборніку шматлікіх песенных тэкстаў. Музыку на яе вершы пішуць не толькі прафесійныя кампазітары (Мікола Яцкоў, Галіна Сёміна, Уладзімір Громаў, А. Грышчанкова і іншыя), але і сама паэтка піша музыку і таленавіта выконвае песні. І песні яе гучаць… Гучаць на магілёўшчыне і далёка за яе межамі.
Паэзія Валянціны Габрусевай – жыццесцвярджальная. Вершы яе прасякнуты любоўю да жыцця, да людзей, да прыроды. Яны нясуць святло, дораць надзею, усяляюць веру ў перамогу дабра.
Дзе бары і лясы
Не шкадуюць красы,
Тут дыханню майму не спыніцца,
Я душу не згублю,
Калі лягу ў зямлю,
Дзе пашчасціла мне нарадзіцца.
Разважаючы аб вартасцях гэтага зборніка, вельмі важна адзначыць: звярні ўвагу, шаноўны чытача, якая добрая і напеўная тут беларуская мова. На першы погляд простая і даходлівая. Але як тонка аўтар адчувае беларускае слова, як яскрава раскрываюцца вобразы, дазваляючы выплеснуць, данесці да цябе думкі і эмоцыі. Гэта і ёсць тая паэзія, якая ўспрымаецца не розумам, але сэрцам, аб’ядноўваючы светапогляды паэта і чытача ў адзінае цэлае. Гэта і ёсць якасць, якая вызначаецца адзінствам таленту творцы і роднай мовы пры першаснасці апошняй.
Алесь КАЗЕКА
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси