На шляху да храма


На шляху да храма

У выдавецтве “Мастацкая літаратура” выдадзены чарговы зборнік вершаў паэта, якога ведаюць пад псеўданімам Зьніч.

Кніга мае сімвалічную назву “Святло з Жыровіч”. І гэта датычыць не толькі нацыянальнай святыні. У Жыровіцкай Свята-Успенскай абіцелі ці не самы вядомы насельнік – манах Іаан (Алег Бембель), аўтар духоўнай паэзіі. 

Сын славутага скульптара доўгі час шукаў свой шлях. Паступіў у політэхнічны інстытут – кінуў на 4-ым курсе, займаўся ў музычным вучылішчы… У 1969 годзе закончыў кансерваторыю па спецыяльнасці фартапіяна. Захапіўся філасофіяй – аспірантура, дысертацыя. Працаваў на тэлебачанні і ў Акадэміі навук БССР.

У 1996-ым смяротна захварэў – і апынуўся ў Жыровічах. Ідучы ад паслушніка Алега і інака Мікалая, ужо трэці дзясятак год манах Іаан дзякуе Богу за падоўжанае жыццё. У снежні 2019-га Зьніч адзначыў 80-гадовы юбілей.

Жыве ў манастыры, выконвае паслушэнствы – і займаецца творчасцю: “па-хрысціянску асэнсоўвае лёсы чалавека і чалавецтва, грамадстваў і краін, спалучае патрыятычны пафас з духоўнай лірыкай”, як напісана ў прадмове. Назвы раздзелаў кнігі – такія ж паэтычныя, як і вершы: “Айчына… Зямная і Нябесная…” ці “…Краю мой… (прэлюдыя мэтаў-ўспамінаў)…”. Ён піша свае Гімны – краіне і ўніверсітэту, дае свае тлумачэнне нацыянальнаму багаццю, звяртаецца да юных – беларуса і беларусачцы. Як злабадзённа чытаецца верш “Перамога будзе за намі!”, напісаны “Да першага ў ІІІ тысячагоддзі Дню Перамогі і 60-й гадавіны 22-га чэрвеня 1941 года”:

…як з Богам пачалі вайну – ў бясоўскім асляпленні –

Бог сорак першы папусціў – для ўразумлення…

…пакаяліся – перад Госпадам Распятым… –

праз церніі – Бог даў нам сорак пяты!

…затым ізноў: вайна з Царквой – на вынішчэнне…

і… – быццам сорак першы йзноў – для ўразумлення…

…пакаемся, браты, – у будні й святы…

душы ўзарэм рупліва, як араты, –

малітваю і працаю зацятай…

І… – зноў Гасподзь пашле нам – СОРАК ПЯТЫ!

Кожны верш тоіць у глыбіні сэнсу вялікія пласты айчыннай і сусветнай мінуўшчыны. Прароцтвуе “Апошняму славяніну” (“– …цябе знішчаюць… …тваімі рукамі… …тваімі мазгамі… …і сэрцам тваім…”), захапляецца “Коптамі” (“вы захавалі Божы й свой народ, хрышчоныя нашчадкі фараонаў”). Ідзе “Шляхам Святой Еўфрасініі”, даруе “Грахі гісторыі”. Адрасуе пранікнёныя радкі і сябрам, і вядомым беларускім дзеячам. І шмат, шмат вершаў прысвячае Іісусу Хрысту…

Творы няпроста чытаць, над кожным – трэба разважаць. Але сярод мноства малітоўных слоў сапраўдным ратаваннем прыцягваюць гэтыя:

…калі ты і плоццю, й душой нездароў,

і боль твой суняцца не можа –

успомні, што ёсць жыватворны Пакроў

Жыровіцкай Маці Божай…

…калі абязкрыльвае бедстваў цяжар

і скрусе гатовы скарыцца –

ідзі і вазьмі сапраўды Божы Дар

Жыровіцкай цуда-крыніцы…

…калі не адбіцца ад духаў ліхіх

і з процьмы грахоў не падняцца –

малітваў прасі невядомых Святых –

з сузор’я Жыровіцкіх Старцаў…

…і сэрца тваё – лёггакрылае йзноў…

Сусвет – трапяткі і прыгожы…

бо вечна над ім – жыватворны Пакроў

Жыровіцкай Маці Божай…

Насельнік манастыра зрабіў выдатны падарунак да 550-годдзя з’яўлення цудадзейнай Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзя заснавання абіцелі. Вядома, што да юбілейных дат планаваўся Усебеларускі хрэсны ход, які не адбыўся па зразумелых прычынах. Але давайце адзначым самі такую важную падзею. Кожны з нас, дзе б ні знаходзіўся, 20 мая можа ўзнесці сваю малітву абразу Жыровіцкай Божай Маці, далучыўшыся да святочных літургій у гонар нацыянальнай святыні “адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам”…

Таццяна КАНАПАЦКАЯ

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси