“Каб намаляваць душы святло”


“Каб намаляваць душы святло”

У брэсцкім выдавецтве “Альтэрнатыва” пабачыў свет паэтычны зборнік Мікалая Антаноўскага “Як ліст сярод лістоў”. Уся працоўная дзейнасць Мікалая Антаноўскага звязана з друкам, больш за 30 гадоў ён быў галоўным рэдактарам пружанскай газеты “Раённыя будні” і пры гэтым заставаўся тонкім лірыкам, сапраўдным мастаком прыгожага слова.

Новую кнігу паэзіі аўтар вызначыў як лірычны роздум. Яна падзелена на тры раздзелы.

У аснове першага, самага вялікага, – паэтычны праект, які быў прадстаўлены ў апошнія гады на старонках пружанскай “раёнкі”. Кожная нізка вершаў суправаджаецца празаічным уступам, у якім ёсць месца развагам аб прызначэнні чалавека на зямлі, ролі духоўнасці ў пошуках сэнса жыцця, шчырым прызнанням, успамінам – светлым і сумным, дзякуючы чаму ярка і выразна вымалёўваецца вобраз паэта, улюбёнага ў жыццё, гатовага адкрыта дзяліцца сакрэтам свайго натхнення. А сакрэт гэты нечаканы і просты – узнёслая, неабсяжная любоў да радзімы. “Што засталося ў мінулым, здаецца цяпер самым светлым, прывабным, непаўторным і… настолькі жаданым, што нясцерпна хочацца вярнуцца ў тое мінулае… – прызнаецца аўтар. – мусіць, так нараджаецца сапраўдная любоў да радзімы, да роднага кутка, дзе і неба больш блакітнае, і трава мякчэйшая, і вада са старой студні самая смачная…”

Чытаючы вершы Мікілая Антаноўскага,адчуваеш, як нараджаецца дабрыня, як ад родных вытокаў уздымаецца святло думак і пачуццяў, як на сэрцы цяплее ад замілавання:

…Дзе жыта красуе даверу

На гонях адзінай радзімы,

Насенне любімых радзімак

Узыдзе Надзеяй і Верай.

У кожным радку адлюстраваны сапраўднае багацце душы, народная мудрасць, захаваная продкамі і з любоўю перададзеная дзецям, дыяменты паэтычнага асэнсавання і глыбокая вера у будучыню. Беларускія вёсачкі, хараство прыроды, народныя святы, якія ўвайшлі ў жыццё з дзяцінства, ды нават непрыкметныя позірку рэчы праз прызму аўтарскага ўспрымання абвастраюць чытацкія пачуцці.

У вершы “Напамін пра ліпень 1944-га года” паўстаюць вобразы нямых светкаў вайны – пасечанага дуба, вішні, на якой пунсавеюць у ваенным пыле плады. Ідзе бой, “На небе ні воблак ні хмар”, “І вісяць, як сляпні, самалёты Над жытамі і стужкай дарог”. Але час загоіць усе раны, свет убачыць мір… І толькі народная Памяць узрушыць непакой, ускалыхне трывогу і боль за тых, хто загінуў.

…Намалюе пасля і валошкі,

І пунсовыя вішні мастак.

Толькі фарбы не змогуць хоць трошкі

Перадаць вішняў горычны смак.

Другі раздел – “Высокая бездань” – прысвечаны каханню. Загадкавасць жаночага характару ў моцнай звязцы з нечаканымі з’явамі прыроды: мажорнымі (“Сонца шчаслівае: знае бязмежжа, Нам жа гадаць: ну, а што за імглой”) альбо мінорнымі (“За імі – ціша і спакой Ды зрэдку грукне сумны вецер…”).

Пранізлівыя, акрыленыя палымяным каханнем радкі складаюць і вянок санетаў “Каханне”. Аўтар атаясаблівае яго са шчасцем, з вясной, з кветкамі, пасеянымі душой. Паэтычна, акрылёна напаўняючы радкі незабыўнымі эпітэтамі і метафарамі, аўтар распавёў, якое моцнае і ў той жа час безабароннае пачуццё – каханне.

Трэці раздзел кнігі – “Салодкі дым каміноў” – прасякнуты філасофскімі разважаннямі аб прызначэнні чалавека, наканаваным лёсе і яго цеснай сувязі з мінулым, з продкамі, з прыродай:

І ценем смутку, нейкага папроку

Сябе спытаю: “Хто ты на зямлі?”

Няўжо, як ліст самотна-адзінокі

Сярод лістоў, што валяцца з галін?

Трыялетавы ружанец “Пакуль малады”, змешчаны напрыканцы паэтычнага зборніка, – гэта даволі цікавы творчы эксперымент, своеасаблівы вянок трыялетаў. “Пакуль ты дужы й малады, Нашто прасіць, нашто маліцца?” – радок, што паўтараецца ў трыялетах. Ён – напамін пра хуткаплыннасць жыцця і асабісты для кожнага доўгі шлях для пазнання вечных каштоўнасцяў. 

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ

СКАЧАТЬ