Агляд літаратурных часопісаў за ліпень 2020 года


Агляд літаратурных часопісаў за ліпень 2020 года

27.08.2020                                  Литературная критика


«Вечныя бадзягі, свету весляры...»

Ліпеньскі нумар «Полымя» адкрывае нізка вершаў Віктара Гардзея «Светлы панадворак». Тэмы яго паэзіі ранейшыя: жыццё вёскі, яе побыт і клопаты, згадкі маладосці. І атрыбуты тыя ж : палі, бары, вятры, замеці, разоры, азёры, бульба, кроп. Але ж колькі ў гэтай, здавалася б, звыкласці і традыцыйнасці чагосьці новага, быццам выходзіш у парк пасля дажджу: усё там знаёмае, але такое чыстае, яркае, колеры і адценні  — свежыя, не паспелі яшчэ абрасці тлушчам і пылам! Лістота ззяе ў вясёлкавых кроплях, адлюстроўваючы ўвесь сусвет — трошачкі лепшым, чым мы папярэдне яго запомнілі:

Вее вецер з ночы, вее дужа стылы,

Пад грымоты заўтра меней сінявы.

 Лёталі — намоклі, вось і сушым крылы,

Пазайздросціць з елкі сам крумкач сівы.

На азёрах сініх і настрой узнёслы,

Дык зусім няважна: юны ці стары.

Выплылі на бераг, бачыш, сушым вёслы,

Вечныя бадзягі, свету весляры.

«Сіняя вада»

Значна з большай цікавасцю, чым звыклыя ўжо вянкі санетаў, на адным дыханні чытаецца падборка Соф’і Шах «Пачатак  — там». Хаця і тут тэмы тыповыя для аўтара: духоўны свет, малая радзіма, згадкі маленства, адчуваецца, што, калі выяўленне думкі не «ўкладаць» у межы строгай формы, гэта толькі на карысць. Па дарозе «інтэрпрэтацыі» ўнутранага свету для чытача, не скаваная шматлікімі патрабаваннямі, думка «апранаецца» ў арыгінальныя метафары, дзе-нідзе ззяе нечаканымі адкрыццямі:

І не адрозніць, ці то ў восені

душа пазбаўлена мяжы,

а ці то восень днямі познімі —

жыве ў спагадлівай душы.

Альбо:

Пазірае хатка... І сям’ю чакае —

Весніцы адкрыты колькі ўжо гадоў...

Толькі вецер спраўны ў іх і залятае,

бы і ён шукае тут гаспадароў.

Здзіўляе філасафічнасцю і арыгінальным аўтарскім бачаннем паэзія Дар’і Бялькевіч (падборка з назвай па-французску «Formidable»). Асабліва калі пасля сентэнцый пра каханне і яго выяўлення кшталту «Французскія, / беларускія, / цалуеш у вусны вузкія» альбо апісальна-дзявоча-засяроджанага «Гэта не я сяджу на балконе восеньскай спёкай» знаходзіш такое:

Найлепшы прыватны псіхолаг —

 навігатар на польскай мове:

«dalej prosto».

Альбо:

Туманны прасцяг

прасціной разаслаўся.

Цягнік ідзе — прас.

А верш пад назвай «Доктар Вергілій» мог бы стаць жартоўным (а ў кожным жарце  — толькі доля жарту, астатняе  — праўда) эпіграфам для ілюстрацыі сучаснай карціны сусветнай паэзіі...

Маральна-этычныя пытанні ўздымае Андрэй Сідарэйка ў апавяданні «Службовы абавязак». Яго гераіня, старэнькая пенсіянерка Ганна Антонаўна на працягу дня назірае, як службовыя асобы выконваюць гэты самы абавязак спачатку ў дачыненні да іншых людзей, і тут гэта выглядае знакамі для Ганны Іванаўны, але яна абыякава праходзіць міма, а потым  — у дачыненні да самой гераіні. «Гэта іх службовы абавязак — сачыць за аховай правапарадку»,  — адзінае, што яна думае, убачыўшы, як двое міліцыянераў арыштоўваюць чалавека. Калі ж на яе саму з падобнай нагоды пагражаюць выклікаць міліцыю, яна непрытомнее... Жанчына, якая перажыла смерць мужа і сына... Паўстае нагода для разважанняў: што першаснае для аўтара — засяродзіць увагу на тым, што гэта негуманна — затрымліваць старога чалавека, які ў краме забыў аплаціць нейкую драбязу (няўжо камерцыйны прыбытак нашмат ад таго зменшыцца?), ці ўсё ж мастацкасць тэксту? Магчыма, у кожнага будзе сваё бачанне сітуацыі і адказ на пытанне...

Акрамя таго, проза ў нумары прадстаўлена заканчэннем рамана Уладзіміра Гніламёдава «Праўда жыве пасярэдзіне» і раздзеламі з рамана Уладзіміра Ліпскага «Цялец» (часопісны варыянт).

Рубрыка «Галасы свету» знаёміць з творчасцю іранскай паэткі Атэны Фарухсад, якая ў маленстве эмігрыравала з сям’ёй з Ірана ў Швецыю, дзе цяпер жыве і працуе. «Ліст да Еўропы», пераствораны па-беларуску са шведскай мовы Аленай Казловай, выглядае як позірк на гэтую частку свету не з параднага боку, а з унутраных дворыкаў занядбаных кварталаў. Калі нечага не заўважаеш, ідучы пераможным маршам па галоўных плошчах, гэта не азначае, што ён не існуе — адваротны бок медаля, адваротны рух маятніка...

Яна БУДОВІЧ


Суаўтар — злы геній

Пераважна «мужчынскай» атрымалася мастацкая частка ліпеньскага «Нёмана». Гэтым разам проза і паэзія прадстаўлены творамі Сяргея Трахімёнка, Міколы Сурначова, Алеся Бадака, Валерыя Грышкаўца, Радзіслава Аскотскага і Наталлі Міхальчук. Прытым нельга папракнуць каго-небудзь з іх у абмежаванасці поглядаў ці ў аднабокім «тлумачэнні» вобразаў і з’яў. У пэўнай ступені хіба толькі Сяргея Трахімёнка.

Пачынаецца нумар з фрагмента яго рамана «Набеліят». Ідэя твора сфармулявана дакладна і ясна: атрымаць важную літаратурную прэмію, тым больш Нобелеўскую, сумленны і сапраўды варты таго творца сёння не можа, бо тут, маўляў, як і ў любой сферы, ёсць свае хітрасці (у тым ліку абарона сексуальных меншасцей), што вылучаюць аўтара сярод іншых, нават калі яго творы нікому не цікавыя. Трэба сказаць, што жаночыя вобразы ў «Набеліяце» не выклікаюць ніякіх пачуццяў, акрамя агіды. Бачна, што Сяргей Трахімёнак імкнуўся надзяліць персанажаў Бэлы і Вольгі рысамі жывой жанчыны, няхай і не найлепшымі. Але атрымаліся дзівосныя стварэнні, якія, па праўдзе, у нечым і адпавядаюць самаздаволенаму і апатычнаму галоўнаму герою. Да таго ж хапае і стэрэатыпных выказванняў кшталту «у жанчын няма логікі, дакладней, яна жаночая, і гэта таксама логіка», што характарызуе не столькі стасункі герояў, колькі стаўленне аўтара да жанчын.

Нашмат больш складанай, у тым ліку ў плане сюжэта, падаецца аповесць Радзіслава Аскотскага «Экскурсавод». Аўтар прытрымліваецца двух асноўных правілаў, дзякуючы якім твор здольны ўтрымаць увагу чалавека любога ўзросту і ледзь не любых перакананняў. Першае  — персанажы твора настолькі выразна прапісаны, што складваецца ўражанне: ледзь не ва ўсіх існуе прататып. Кожнае дзеянне цалкам лагічнае, кожны ўчынак вядзе да свайго выніку, кожны герой «рухаецца» так, бо не можа інакш, таму і немагчыма сумнявацца ў праўдзівасці трагічнага фіналу аповесці. Другое — Радзіслаў Аскотскі не навязвае сваіх думак і перакананняў, што часам, хоць і ненаўмысна, робяць многія пісьменнікі, асабліва калі гэта тычыцца апісаных у творы з’яў у перыяд перабудовы і пазней (шулерства, спекуляцыя і г.д.). Так ці інакш, але гэта павага да чытача, які сам мае права вырашаць, як ставіцца да герояў і падзей.

Такога ж погляду прытрымліваецца і Алесь Бадак, з вуснаў героя якога гучыць: «Чытач — суаўтар пісьменніка, геніяльны суаўтар. Але гэта і злы геній літаратуры!» У невялічкім апавяданні «Дождж ліў як з вядра» (пераклад з беларускай мовы Алега Ждана) аўтару ўдалося распавесці цікавую гісторыю і адлюстраваць асабісты вопыт літаратурнай і рэдактарскай дзейнасці, выказаць сваё меркаванне наконт літаратуры ды яе геніяў. Не цураецца аўтар і ўтапічных разважанняў: «…было б разумна, калі б усе выдавецтвы ўвогуле адмовіліся ставіць на вокладках кніг імя аўтараў і назвы твораў. Паверце, тады нашмат узрасла б колькасць тых, хто прачытаў “Вайну і мір”, і зменшыліся б тыражы кніг многіх модных сёння аўтараў. Нават страшна ўявіць, колькі людзей ва ўсім свеце кінулі б займацца пісьменніцтвам і нарэшце сталі б рабіць тое, чым яны могуць прыносіць большую карысць».

Паэтычная частка пачынаецца з падборкі Міколы Сурначова «Мы адстаім свой край у баі…» ў перакладзе на рускую мову Ізяслава Катлярова. Гэта вершы савецкага салдата, хлопца з Рагачоўшчыны, напісаныя ў перыяд з 1941 па 1944 год. Адметная іх геаграфія: пісаліся на 1-м Беларускім, Заходнім, Данскім, Бранскім, 4-м Украінскім франтах…

Нізкі вершаў «І гэта дарога нязорная…» Валерыя Грышкаўца і «Светлы дзень» Наталлі Міхальчук няхай і не зусім падобныя па настроі, але апяваюць адно  — спакой і сямейнае шчасце. Для многіх менавіта ў іх пошуку ёсць сэнс жыцця. А яшчэ — у свяце:

— Но вот зачем, куда ты все спешишь?!

— На праздник вашей и своей души…  — прамаўляе, нібы ў дыялозе з шукшынаўскім, лірычны герой Валерыя Грышкаўца. І хіба ёсць сэнс з гэтым спрачацца?

Яўгенія ШЫЦЬКА


Ва ўнутранай шафе

Мастацкая частка ліпеньскага нумара «Маладосці» ледзь заўважна падкрэслівае працяг пандэмічных часоў сваёй камернай чуллівасцю і некаторай адарванасцю ад знешняга сусвету. Пры гэтым гаворка вядзецца не з пазіцый апатычнай млявасці, а з пазіцый актыўнага, у нечым сэнсастваральнага самадаследавання.

Калі перанесці вобраз дома з творчасці Артура Камароўскага за яе межы, каб апісаць не лакальныя моманты, а самі вершы, можна ўявіць яго паэзію як дзесьці двух- ці трохпакаёвую прастору, напоўненую любімымі рэчамі. Гэтых рэчаў/ вобразаў/ідэй так шмат і ў іх столькі любові, што ў афармленні адных пакояў можна пазнаць іншыя, і з-за гэтага, нягледзячы на колькасць пакояў, ніяк не знікае адчуванне недахопу месца (а недзе нават і паветра). На ўзроўні света- і самаасэнсавання паэт зрабіў досыць істотны крок наперад у параўнанні са сваёй дэбютнай кнігай, і па парастках праблематыкі ўжо вельмі добра бачна паэтыку, аналагаў якой у беларускай літарутуры амаль няма. Але, каб канчатковая метамарфоза стылю адбылася, трэба вырашыць толькі адну задачу. Акрамя факта любові рэчам не хапае нейкіх фізічных яе праяў: макраватага следу ад вуснаў, пасляабдымкавай памятасці, а дзесьці можа і надрыву з ватай, якая лезе вонкі. І добра было б памятаць, што твой дом — бясконцапакаёвы, а значыцца, ёсць прастора для доследаў не толькі са шчырасцю, але і са шчыльнасцю ўкладання рэчаў.

Праз тэксты Ігара Палынскага праходзяць два асноўныя матывы: падарожжа і кахання. І калі першы верш (дарэчы, адзіны ў падборцы верлібр) гарманічна спалучае абедзве тэмы і ўвогуле выводзіць апавяданне на пазабытавы, вечны ўзровень, то астатнія творы гэтую канцэнтрацыю не ўтрымліваюць і паступова звальваюцца ў звычайную бытавуху. Апошні тэкст падборкі настолькі сінтэтычны, што выклікае шмат асацыяцый у сувязі з абранымі формай і рытмам, але ўласна аўтарскага ўнёску не назіраецца.

Падборка Паўла Капанскага хістаецца паміж іроніяй рознай ступені таўшчыні і пранізлівай жыццёвай філасофіяй. Хаця, у прынцыпе, пранізлівай можна назваць і іронію, бо яна сыходзіць не з пустаслоўна-гульнявога аўтарскага імпульсу, а з рэальных грамадска-бытавых назіранняў. На першым жа радку першага верша «вынес смецце і задзяўбаўся жыць» ужо хочацца паклікаць аўтара на «гранёную» размову, і далей такая сітуацыя нават неяк праектуецца сама сабою. Апошні тэкст падборкі цягне ўжо на цэлую светапоглядную канцэпцыю, якую лёгка можна ўявіць як завяршальны маналог падчас той самай размовы. Калі на кухнях сёння яшчэ можа прагаворвацца штосьці апалітычнае і агульначалавечае, гэта хутчэй за ўсё было б штосьці з вершаў Паўла.

Сярод прозы ў пары з традыцыйным для часопіса «Векам людзей» Маргарыты Латышкевіч стаіць «Трылогія безгвалтоўнасці» Дзмітрыя Рубіна, у якой тры апавяданні аб’яднаны моцнай лініяй унутраных маналогаў. Аўтар прыцягвае ўвагу да сваёй мовы менавіта за кошт рэфлексіўных адступленняў ад асноўнага сюжэта: цякучыя абзацы з вялікай колькасцю лексічных паўтораў ды іншых шурпатасцей, характэрных для адлюстравання мысленчых працэсаў, выдатна спраўляюцца са сваёй задачай па ўцягванні чытача ў багну зацікаўленасці і даверу. Добра відаць, як уважліва аўтар працуе са структурай, бо ключавы вобразны пойнт кожнага апавядання паслядоўна згадваецца на працягу ўсяго аповеду. Адзіны слабы, як падаецца, момант твораў Рубіна  — менавіта сюжэтны складнік: абраныя аўтарам дэкарацыі, у прынцыпе, падыходзяць да масавай літаратуры, але ў такім выпадку вобразна-маналагічныя часткі, носьбіты асноўнай ідэі, атрымліваюцца непрапарцыянальна больш складанымі. І тут ёсць некалькі рашэнняў: ці далей эксперыментаваць са спалучэннем знешняга і рэфлектыўнага, ці адмовіцца ад аднаго на карысць іншага.

Данііл ЛЫСЕНКА

Крыніца: Літаратура і мастацтва