У Бялынічах да Дня беларускага пісьменства адкрыюць новы будынак раённага мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі


У Бялынічах да Дня беларускага пісьменства адкрыюць новы будынак раённага мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі

31.08.2020                                                Публицистика


Вядома, што раней музей размяшчаўся ў  былым будынку кінатэатра, які перайначылі пад музейныя экспазіцыі. Спачатку хацелі захаваць яго, пры гэтым пашырыўшы плошчу. Але камісіі, якія правяралі стан былога музея, прыйшлі да высновы, што бяспечней, танней і прасцей пабудаваць новы музей. У выніку ад старога застаўся толькі фундамент. У выніку ўстанова павялічыла сваю плошчу амаль удвая: цяпер гэта каля 800 квадратных метраў. Крыху змянілася і канцэпцыя. З’явілася вялікая зала для прывазных выставачных экспазіцый. З’явіцца ў музеі і зала гісторыі Бялыніцкага краю — тут можна будзе даведацца, як разіваўся раён са старажытнасці да сучаснасці. Адной з цэнтральных экспазіцый застанецца галерэя Бялыніцкага-Бірулі — тут размесцяць яго карціны, распавядуць пра эпізоды з жыцця. Будуць прадстаўлены і некаторыя асабістыя рэчы майстра.

Яшчэ адна цікавая задума музейшчыкаў — зала духоўнасці, у якой цэнтральным экспанатам стане фрэска «Нясенне крыжа», ці «Узыходжанне на Галгофу». У канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя мастак-рэстаўратар Юрый Маліноўскі разам з калегамі ўратавалі яе з разбуранага манастыра кармелітаў у Бялынічах. Пазней ён жа займаўся кансервацыяй і рэстаўрацыяй твора, а цяпер размяшчае фрэску пад скляпеннямі новага музея.

Яўгенія ШЫЦЬКА

"Літаратура і мастацтва"

На фота - ранейшы будынак музея