Кніжную навінку Jam Session “Blues” (выдавец Зміцер Колас, г. Мінск) справядліва можна ахарактарызаваць як авангардны сінтэтычны міжнародны праект – спроба пераадолення бар’ераў прасторы і вяртання сапраўднай паэзіі ва ўніверсальнае вымярэнне пачуццяў, душы чытача з розных краін свету.
Калі быць дакладным, новая кніга – гэта своеасаблівыя моўныя падарожжы. Jam Session – псеўданім, пад якім выступаюць чатыры аўтары. Адзін з якіх – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, перакладчык і эсэіст, гамяльчанка Вольга Раўчанка.
– У лютым 2020 года ў Беларусі была прэзентавана кніга лезгінскага паэта Білала Адзілава “Romantico delle montagne” (выдавецтва Ass. META, Італія), пераклад якой на італьянскую мову зрабіла я, – распавядае Вольга Іванаўна. – З прычыны таго, што прачытаць паэтычны зборнік сёння можа выключна італамоўны чытач, пасля я рызыкнула прадставіць рандомна 25 вершаў (любоўную і патрыятычную лірыку) Білала, а таксама паэму “Калаўрот” – асобным інтэрнацыянальным тэтра-выданнем у краінах блізкага і далёкага замежжа. “Blues” (“Блюз”) , на маю думку, – спроба прадставіць весела даволі сур'ёзныя рэчы. Думаю, з гэтаю задачай мне ўдалося справіцца, перадаць пачуцці на розных мовах…
У новым выданні паэзію Білала Адзілавава на лезгінскай, італьянскай, рускай і беларускай мовах суправаджаюць эсэ Калоджэра Ла Векк'я (гэта артыстычны дырэктар італьянскага конкурсу, заснаванага ў памяць пра яго бацьку – драматурга, тэатральнага дзеяча, пісьменніка, журналіста Анджэла Ла Векк'я; адначасова мастацкі рэдактар вышэйназванай кнігі Білала Адзілава “Romantico delle montagne”) і Вольгі Раўчанкі, прысвечаныя творчасці лезгінскага паэта.
Як жа адбылося такое паяднанне творцаў і душ?
Паводле расповеду Вольгі Раўчанкі, тры аўтары пазнаёміліся ў рамках Міжнароднага паэтычнага конкурсу “Parnaso – Canucattì. Angelo La Vecchia” і Міжнароднага фэсту “Інтэлігентны сезон-2019”. Білал Адзілаў – пераможца конкурсу “Расул Гамзатаў”, Вольга Раўчанка – конкурсу “Амдзі Гірайбай”, якія праводзяцца ў рамках Міжнароднага паэтычнага конкурсу “Parnaso – Canucattì. Angelo La Vecchia”. Менавіта тады і ўзнік творчы тандэм чацвёркі літаратараў “Jam Session”, які вырашыў распавесці чытачу пра вышэйназваныя міжнародныя конкурсы і фэсты. Ды не толькі расказаць, але таксама і “запрасіць” у кнігу самога Анджела Ла Векк'я, 100-годдзе якога шырока адзначаюць сёлета, у прыватнасці, у Італіі.
Пазнаёміўшыся з фундаментальнай працай, прадстаўленай гэтак па-наватарску ў новай кнізе, нельга, па-першае, не прызнаць здольнасці Білала Адзілава: яго вершы прасякнуты любоўю да жыцця, сям’і, мовы, Радзімы, якія апавядаюць пра яго ўспрыняцце роднага краю. Па-другое, яскрава разумееш, што захопленая гэтай сапраўднай паэзіяй беларуска Вольга Раўчанка ўдала праніклася ў глыбіню паэтычных тэкстаў таленавітага лезгіна і перанесла яго аўтарскія пачуцці з адной мовы на іншыя. І, як мне падаецца, дакладна перадала іх душу, узбагаціўшы гэтай сваёй працай адразу і нас, беларусаў, і італьянцаў, рускіх, і, зразумела, лезгінаў. З прапанаванай чытачу садружнасці паэзіі і эсэістыкі атрымалася – тут пагаджуся са словамі аднаго з суаўтараў кнігі Калоджэра Ла Векк’я, “сімфонія – вольная ў сваім выразе, але ўважлівая ў адносінах да ўласнай душы аўтара. Як блюз”.
Што ж, новае выданне сведчыць і пра вядомае: паэзія і літаратура дагэтуль застаюцца высокай формай самавыражэння Асобы і з’яўляюцца часткай выразнасці інтэлектуальнай сферы чалавека. Для іх няма і не можа быць ніякіх межаў і бар’ераў – ні тэрытарыяльных, ні моўных, ні расавых, ні рэлігійных урэшце рэшт, бо сапраўдная літаратура кранае нас аднолькава ва ўсіх кутках свету.
Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси