.dbd.jpg)
Уладзімір Мазго — паэт, перакладчык, публіцыст.
Нарадзіўся ў 1959 г. ў г.п. Зэльва Гродзенскай вобласці.
Намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Нёман”.
Член прэзідыума і праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня секцыі дзіцячай літаратуры СПБ.
Аўтар многіх кніг для дарослых і дзяцей. Лаўрэат шэрагу рэспубліканскіх літаратурных прэмій. На вершы паэта напісана шмат песен, якія выконваюць вядомыя спевакі і калектывы.
Жыве ў Мінску.
МАЛАДЗІК НАД МАЛАДЗЕЧНА
Васільковае і жаўруковае,
Змоўкла неба, спавітае снамі.
Маладзік высякае падковаю
Іскры зор залацістых над намі.
Вечар роснаю свежасцю дыхае,
Што разліта ў валошкавых далях.
Выплывае мелодыя ціхая,
Як жывая крынічка, з раяля:
“Хай нашы песні служаць вечна
І гусляру, і песняру.
А маладзік над Маладзечна
Хай разгараецца ў зару.
Адзінства – вораг адзіноты –
Мінор мяняе на мажор.
Спяваюць зоркі, быццам ноты,
А маладзік, як дырыжор…”
Нібы зорны клавір, вечаровае
Расхінулася неба ўсё насцеж.
І спявае дзяўчо чарнабровае
Пра каханне сваё і пра шчасце.
Ночка ў вэлюме зорным нявесціцца –
У яе са світанкам гаворка.
А эстрада – нябесная лесвіца,
Па якой уздымаецца зорка.
Я СЛУХАЮ МЕЛОДЫЮ ДАЖДЖУ
Я слухаю мелодыю дажджу,
Які зайграў на клавішах лістоты
І наталіў, і акрыліў душу
Лагодным дакрананнем кожнай ноты.
Я слухаю мелодыю дажджу,
Стварыў якую вопытны маэстра.
І вы яе паслухайце, прашу,
Нібы канцэрт цудоўнага аркестра.
Я слухаю мелодыю дажджу,
Які – і дырыжор, і выканаўца.
І я сабе ні кроплі не хлушу,
Што я – у гэты міг! – музыказнаўца…
ЖАЎРУКОВАЯ МОВА
Музыка Алега ЕЛІСЕЕНКАВА
Словы Уладзіміра МАЗГО
Нібыта песня жаўрукова,
Ласкава далі ахіне
Святлом азоранае слова,
Што зачароўвае мяне.
Нібыта промні, льюцца гукі
І саграваюць нас цяплом.
Мы расхінём, як крылы, рукі
І разам песню запяём.
Прыпеў:
Кожным гукам чароўным і словам
Зноў табою акрылены я.
Беларуская мова –
Наша з небам размова –
Жаўруковая песня мая.
Няхай усмешкай перуновай
Маланка ў небе прамільгне –
Спяваюць нівы і дубровы
На роднай мове для мяне.
А гукі кроплямі праліцца
Спяшаюць з ліўнем на зямлю.
Каб роднай мовай наталіцца,
Яе да сэрца прытулю.
Прыпеў:
Кожным гукам чароўным і словам
Зноў табою акрылены я.
Беларуская мова –
Наша з небам размова –
Жаўруковая песня мая.
Мова, святая крыніца,
Звонка і светла бруіцца.
І сэрцы хвалюе нанова
Мая беларуская мова.