Валянцін Семяняка: «Гэта ўнікальны беларускі падыход да сапраўднага народаўладдзя»


Валянцін Семяняка: «Гэта ўнікальны беларускі падыход да сапраўднага народаўладдзя»

Гутарка са старшынёй Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Валянцінам Семянякам пра адаптацыю законаў да абноўленай Канстытуцыі, актыўнасць беларускага грамадства і ўмовы ўстойлівасці беларускай дзяржавы.


«Да апошняга моманту ішла нарада з народам»

— Валянцін Міхайлавіч, на вашу парламенцкую дзейнасць прыпаў унікальны вопыт работы над праектам абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Раскажыце пра галоўныя вынікі таго вопыту.

— Я працаваў у складзе Канстытуцыйнай камісіі. І калі мы працавалі над зместам Асноўнага Закона, практычна на кожным пасяджэнні звяртаў увагу калег на тое, што нам трэба ўнесці змяненні, якія ніякім чынам не пагоршаць сітуацыю ў краіне, каб не адмовіцца ад таго, што працуе, што даказала сваю эфектыўнасць. Калі мы ўносім змяненні ў заканадаўства, то неабходна разумець іх наступствы, тое, як яны будуць працаваць.

Асноўным момантам, які дазволіў рэалізаваць такі падыход, стала тое, што на ўсіх этапах падрыхтоўкі праекта абноўленай Канстытуцыі мы, дэпутаты, актыўна ўзаемадзейнічалі з нашымі выбаршчыкамі, з працоўнымі калектывамі, грамадзянамі, грамадскімі аб'яднаннямі, палітычнымі партыямі. Таму што яшчэ задоўга да стварэння Канстытуцыйнай камісіі Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве і мясцовым самакіраванні акумулявала ўсе прапановы, а мы сабралі іх каля пяці тысяч, размеркавалі па ўсіх раздзелах, і калі Канстытуцыйная камісія працавала, методыка была такая: спачатку аналізавалі тое, што прапаноўваюць грамадзяне, а потым выслухоўвалі прапановы членаў Канстытуцыйнай камісіі. І да апошняга моманту, да вынясення на рэферэндум, ішла нарада з народам.

Гэта вельмі важна, таму што асобныя пазіцыі, якія Канстытуцыйная камісія палічыла неабходным унесці, людзі не падтрымалі, і ад іх прыйшлося адмовіцца. У прыватнасці, палажэнне аб тым, што грамадзяне абавязаныя клапаціцца аб уласным здароўі. Гэтак прапанавалі людзі, але калі пайшло больш шырокае абмеркаванне, узнікла занепакоенасць, што такое палажэнне можа прывесці да прымусовых дзеянняў і адмовы ад бясплатнага медыцынскага абслугоўвання. Таму на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы дадзенае пытанне ўзнялі, Прэзідэнт прапанаваў Канстытуцыйнай камісіі яшчэ раз падумаць, і мы вырашылі адмовіцца ад такой фармулёўкі і замянілі яе іншай: «грамадзяне Рэспублікі Беларусь клапоцяцца аб уласным здароўі». Гэта заклік да больш абачлівага стаўлення да ўласнага здароўя.

Сёння, у адпаведнасці з пераходнымі палажэннямі Асноўнага Закона, які быў прыняты на рэферэндуме, стаіць задача імплементацыі навацый Канстытуцыі ў заканадаўчыя акты. Да лютага 2024 года мы павінны такую работу завяршыць. Па нашых падліках, каля 100 законапраектаў неабходна перагледзець. Патрабаванне Прэзідэнта: якасць заканатворчай работы павінна быць высокай, каб законы не перапісваліся штогод. Гэта нас абавязвае не толькі ўлічваць неабходнасць імплементацыі нормаў Канстытуцыі ў заканадаўства, але і тыя рэаліі практыкі прымянення законаў, якія на сённяшні дзень ёсць. Работа тут вялікая, важная і грунтоўная.

І цяпер, калі мы працуем над згаданымі заканадаўчымі актамі, вядзём нараду з народам. Увогуле, у практыцы дэпутата Палаты прадстаўнікоў кожны законапраект, які з'яўляецца ў ніжняй палаце парламента, да таго, як выносіць яго ў Авальную залу, мы абмяркоўваем яго ў акрузе, раімся з людзьмі. Гэта дазваляе пазбегнуць пэўных памылак, бо мы не можам усё прадбачыць. Самы яскравы прыклад — абмеркаванне двух рэзанансных законапраектаў: «Аб Усебеларускім народным сходзе» і Выбарчага кодэкса. Калі мы аналізавалі прапановы па змяненнях у Канстытуцыі, большасць іх датычылася менавіта гэтых дзвюх галін дзейнасці нашай дзяржавы. Людзі цікавіліся, як будзе працаваць орган, які цяпер атрымлівае канстытуцыйны статус. Падзеі 2020 года прыцягнулі ўвагу да выбарчых працэсаў. Важна, што практыка ўсенароднага абмеркавання Асноўнага Закона цяпер транспалюецца на заканадаўчыя акты.

— Над якімі законапраектамі працуе ваша камісія ў дадзены момант?

— На разглядзе ў нашай Пастаяннай камісіі знаходзіцца законапраект аб змяненнях у Закон «Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь». Гэта мой аўтарскі закон у сааўтарстве з членам Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве і мясцовым самакіраванні Аленай Станіславаўнай Патапавай і ў цесным узаемадзеянні з Саветам Рэспублікі. Мы яго падрыхтавалі і правялі першае чытанне. Ён цягне за сабой змяненні ў астатнія законы, у прыватнасці, у Закон «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь», ёсць узаемасувязь з законамі, якія рэгламентуюць мясцовае самакіраванне, з Выбарчым кодэксам і іншымі.

Асноўныя навелы вынікаюць з Канстытуцыі: пяцігадовая кадэнцыя дэпутацкага корпуса, выбары ў адзіны дзень галасавання, пераразмеркаванне паўнамоцтваў ад Прэзідэнта да парламента, ад парламента да Усебеларускага народнага сходу і гэтак далей.

Таксама адаптуем да змен, якія ўжо адбыліся ў заканадаўстве, Закон «Аб барацьбе з карупцыяй», адпаведны праект прайшоў першае чытанне. Над гэтым дакументам працуе Пастаянная камісія па нацыянальнай бяспецы, але мы яго ўлічваем ў сваіх законапраектах, паколькі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі з'яўляюцца дзяржаўнымі служачымі, на іх распаўсюджваюцца нормы прыведзенага закона, мы іх улічылі.

Вялікая цікавасць і да законапраекта «Аб змяненні законаў па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання», які цяпер рыхтуецца да другога чытання. Я ў сваёй акрузе абмяркоўваў яго змест і пачуў дзве вельмі слушныя прапановы. Першая — дазволіць ва ўмовах складанай эпідэмічнай сітуацыі па пытаннях, якія не маюць першачарговага значэння, прымаць рашэнні прэзідыума абласнога, раённага Савета шляхам збору подпісаў. Другая — рэгламентаваць правядзенне сесій у рэжыме анлайн, што ўжо з'яўляецца практыкай і патрабуе адлюстравання ў законе.

Днямі мы правялі пасяджэнне рабочай групы па гэтым законапраекце і дамовіліся пра пашырэнне паўнамоцтваў дэпутатаў сельскіх Саветаў, раённага і абласнога ўзроўняў у плане ўзгаднення кандыдатур на пасады кіраўнікоў устаноў і прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў межах тэрытарыяльнай адзінкі. У адносінах да сельскіх Саветаў гэта навела, таму што даюцца паўнамоцтвы сельскім Саветам узгадняць кандыдатуры ўсіх кіраўнікоў, у тым ліку сельскагаспадарчых прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці. Таксама сельскім Саветам даецца права адкрыцця і закрыцця сацыяльных устаноў — устаноў адукацыі, культуры і гэтак далей, што вельмі актуальна сёння. Такім чынам мы рэалізоўваем грамадскі запыт на павышэнне паўнамоцтваў мясцовых органаў кіравання і самакіравання.

Законапраект замацоўвае асобы статус горада Мінска ў адносінах да органаў мясцовага самакіравання: будзе створаны Мінскі гарадскі каардынацыйны савет — грамадскі орган, які будзе каардынаваць работу калегіяльных органаў тэрытарыяльнага самакіравання ў сталіцы.

У найбліжэйшы час чакаем унясення Выбарчага кодэкса ў нашу камісію і будзем над ім працаваць. Там будуць замацаваны нормы аб пяцігадовым тэрміне кадэнцыі дэпутатаў і Прэзідэнта, пра адзіны дзень галасавання, узроставы цэнз для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах — не менш за 40 гадоў для кандыдата, абмежаванне двума тэрмінамі і іншыя асаблівасці выбарчага працэсу, якія дыктуе практыка.

Грамадскае абмеркаванне i iнфармаванне па праекце закона аб УНС i выбарчым заканадаўстве ў працоўным калектыве Мiнскага аўтамабiльнага завода. У абмеркаваннi законапраектаў узялi ўдзел кiраўнiцтва прадпрыемства i буйных структурных падраздзяленняў, прадстаўнiкi працоўнага калектыву.

Грамадскае абмеркаванне i iнфармаванне па праекце закона аб УНС i выбарчым заканадаўстве ў працоўным калектыве Мiнскага аўтамабiльнага завода. У абмеркаваннi законапраектаў узялi ўдзел кiраўнiцтва прадпрыемства i буйных структурных падраздзяленняў, прадстаўнiкi працоўнага калектыву.

«Практычна кожны чалавек быў пачуты»

— Наколькі дакладна людзі разумеюць ролю Усебеларускага народнага сходу?

— Многія пытанні былі знятыя яшчэ на этапе анансавання надання УНС статусу канстытуцыйнага органа. Цяпер мы адказваем на пытанні, якія канкрэтызуюць дадзеную тэму: як будуць ажыццяўляцца выбары, хто можа быць членам УНС, які будзе апарат, якія пастаянна дзеючыя органы, як часта будзе збірацца, і падобныя. У законапраекце ўсё гэта расшыфроўваецца, і тое людзей цікавіць.

Беларусы ведаюць, што такое Усебеларускі народны сход. Ён стаў нашай рэальнасцю. Гэта тая сітуацыя, калі заканадаўцы рэагуюць на практыку. Прайшло шэсць такіх сходаў, і кожны з іх унёс пэўны ўклад у гісторыю дзяржаўнага будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Сходы станавіліся кансалідуючым органам, мабілізавалі нацыю на вырашэнне найбольш важных пытанняў у калякрызісныя моманты. У іншыя часы Сход прымаў рашэнні, якія носяць перспектыўны характар, што адлюстравана ў Канстытуцыі і будзе адлюстравана ў законе.

Задача парламента: стварыць заканадаўчую аснову пад практыку. Гэта, з аднаго боку, лягчэй, бо ёсць практыка, з другога — больш складана, бо трэба развіваць, узнімаць на новы ўзровень і, самае галоўнае, вызначыць месца гэтага органа ў сістэме дзяржаўных органаў улады. Мы тут з'яўляемся першапраходцамі, як і ва ўсенародным абмеркаванні. Гісторыя не ведае прэцэдэнтаў, каб так шырока абмяркоўвалі праект Канстытуцыі, практычна кожны чалавек быў пачуты, яго прапанова была агучана альбо на дыялогавай пляцоўцы, альбо ў парламенцкім асяроддзі, альбо на пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі, альбо нават на ўзроўні Прэзідэнта.

Гэта ўнікальны беларускі падыход да сапраўднага народаўладдзя. Людзей захапляе магчымасць для кожнага стаць дэлегатам УНС. Траціна будзе абраная па пасадзе. Траціна — сесіямі мясцовых Саветаў. У 2024 годзе плануецца выбарчая кампанія, падчас якой кожны можа вылучыць сваю кандыдатуру з перспектывай стаць дэлегатам Сходу. Нарэшце, траціна будзе абрана з грамадзянскай супольнасці: ад грамадскіх аб'яднанняў. Прапануецца, што гэта будуць аб'яднанні, якія маюць не менш за 100 тысяч членаў, прадстаўніцтвы ва ўсіх абласцях і не менш як у траціне раёнаў краіны. Такім чынам стымулюецца актыўнасць грамадзян. Атрымліваецца, што дзве траціны ўдзельнікаў УНС — людзі з месцаў: дэпутаты мясцовых Саветаў, якія робяць справаздачу перад сваімі выбаршчыкамі, і прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў. Гэта і ёсць сапраўдная рэалізацыя прынцыпу народаўладдзя — не эфемернага, не фармальнага, а рэальнага народаўладдзя ў прыняцці лёсавызначальных рашэнняў для дзяржавы.

Паўнамоцтвы УНС вельмі шырокія, пачынаючы ад увядзення надзвычайнага становішча і заканчваючы вынясеннем імпічменту Прэзідэнту. Каб рэалізаваць гэтыя паўнамоцтвы, патрэбныя людзі з высокай грамадзянскай адказнасцю, падрыхтаваныя.

Практыка пакажа, як будуць узаемадзейнічаць паміж сабой органы ўлады. Сёння мы ў Канстытуцыі і законапраектах вельмі дакладна вызначаем паўнамоцтвы кожнага і закладваем механізмы, якія дазволяць, з аднаго боку, іх кампенсаваць, з другога — стрымліваць памкненні па-за межамі закона.

Я ўскладаю вялікія надзеі на УНС, бо мы не проста ўзаконьваем тое, што ўжо добра працуе, але працуем на перспектыву. На практыцы рашэнні Усебеларускага народнага сходу былі абавязковымі для ўсіх органаў улады, таму што гэта праграмныя дакументы, цяпер тое будзе прапісана ў законах, у тым ліку адказнасць. Людзі разумеюць неабходнасць гэтага.

Акрамя таго, гэта перспектыва, якая дазваляе спрагназаваць развіццё нашых дзяржаўных інстытутаў, іх узаемадзеянне і забяспечыць высокую жыццяздольнасць дзяржавы і дзяржаўнага кіравання.

— Як на падрыхтоўцы законапраектаў адбіваецца пільная ўвага да іх з боку кіраўніка дзяржавы?

— Прэзідэнт заўсёды дае магчымасць для дыскусіі, ніколі не навязвае свае думкі. Ён уважліва ставіцца да розных пунктаў гледжання. Уласнае меркаванне абгрунтоўвае. У выніку заканатворца можа выбіраць тое, што найлепш падыходзіць.

На сустрэчах з членамі Канстытуцыйнай камісіі кіраўнік дзяржавы апеляваў да свайго парламенцкага досведу. Такое экспертнае суправаджэнне вопытнага палітыка вельмі карыснае. Ён заўсёды кажа: першае — парайцеся з народам, другое — улічыце міжнародны вопыт. Гэта дарагога варта.

«Прыклад шчырай палітыкі»

— Наколькі сам народ гатовы браць удзел у абмеркаванні законапраектаў?

— У апошнія гады інтарэс да палітычных працэсаў у беларусаў вырас. Людзі разумеюць, што ад таго, наколькі мы якасна пабудуем нашу дзяржаву, правядзём канстытуцыйныя перамены, залежыць лёс краіны. Людзі не проста цікавяцца, яны адчуваюць смак да ўдзелу ў такіх працэсах. Палітычная адукаванасць беларускага грамадства значна вырасла. Рэальнасць перасягнула нават самыя смелыя прагнозы наконт удзелу людзей у рэферэндуме 2022 года.

Беларусь паказвае прыклады цывілізаванага падыходу да ўзаемадзеяння ўлады і народа. Паказвае прыклад шчырай палітыкі. За такой палітыкай — адкрытай, міралюбнай — будучае. Час усё расставіць па сваіх месцах. Людзі цяпер нярэдка пытаюцца: што рабіць падчас сусветнага эканамічнага, палітычнага і ваеннага крызісаў? Я заўсёды заклікаю браць прыклад з кіраўніка нашай дзяржавы — спакойна, удумліва працаваць на даручаным участку, гадаваць дзяцей, узаемадзейнічаць з суседзямі, планаваць жыццё і не чакаць, што нехта нешта нам дасць. Толькі ўласная праца, актыўнасць, добразычлівасць, шчырасць дазваляюць супрацьстаяць сучасным выклікам. Яны значныя, але ўстойлівасць нашай дзяржавы дастатковая, і гэта даказваюць падзеі апошніх гадоў. Важна захоўваць адзінства і супольнасць.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БелТА

 

Источник: https://zviazda.by/be/news/20221117/1668700060-valyancin-semyanyaka-geta-unikalny-belaruski-padyhod-da-sapraudnaga

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси