«Скарына з Полацка». Гiстарычныя драмы Зiнаiды Дудзюк


«Скарына з Полацка». Гiстарычныя драмы Зiнаiды Дудзюк

10.07.2017                             Новые книги 


Напярэдадні  святкавання 500-годдзя Беларускага кнігадрукавання ў выдавецтве “Альтернатива” выйшла кніга “Гістарычныя драмы” вядомага беларускага драматурга, празаіка, паэта, публіцыста Зінаіды Дудзюк.    


У зборніку п’ес “Гістарычныя драмы” сабраны  драматычныя творы, якія датычаць гісторыі Беларусі. Двухактная драма “Скарына з Полацка” пранікнёна апавядае пра  слыннага беларускага першадрукара, выбітнага дзеяча, які вызначыў лёс культуры Беларусі на шмат стагодддзяў наперад. Ужо на сённяшні дзень скарыніяна як навуковая дысцыпліна налічвае амаль 130 гадоў, таму не дзіўна, што і пісьменнікі звяртаюцца да тэмы, якая асвятляе жыццёвы шлях Скарыны і ягоную дзейнасць.

Драма “Скарына з Полацка” ахоплівае віленскі перыяд жыцця першадрукара, калі ён вярнуўся з Прагі і прывёз выдадзеныя ім кнігі. Радзіма сустрэла яго прыязна: знайшоўся фундатар для новых выданняў, сустрэлася жанчына, якую пакахаў Францішак, але светлая паласа хутка скончылася: мецэнат пайшоў у лепшы свет -- трэба было шукаць новыя сродкі для выдання кніг і магчымасць зарабляць самому. Спроба знайсці нейкі занятак у Заходняй Еўропе аказалася няўдалай. У хуткім часе памірае брат, а потым – і жонка, нішто Францішка не мінае: ні суды, ні турма, ні беднасць. Скарына застаецца на раздарожжы...

Аднаактоўка “Нарадзіўся я ліцвінам” апавядае пра Тадэвуша Касцюшку, які ў цяжкую часіну пасля паразы паўстання трапіў у палон. І хоць яго вызвалілі з Петрапаўлаўскай крэпасці і пасялілі ў палацы, але гэтая залатая клетка яшчэ больш прыгнятала, бо з яе не было бачна выйсця. Касцюшка пакутліва робіць выбар свайго далейшага лёсу...

П’еса “Мікола Гусоўскі” глыбока высвечвае той час, калі пісьменнік жыў у Рыме і ствараў славутую паэму “Песня пра зубра” – вялікае і сардэчнае прызнанее ў любові роднай краіне. Хоць жыццё не песціла Гусоўскага, і сітуацыя на чужыне была далёка не спрыяльнай, выдатны твор быў усё ж напісаны паэтам, нягледзячы ні на страты блізкіх людзей, ні на адсутнасць падтрымкі.

Лібрэта оперы “Падданыя кахання” прысвечана трагічнаму каханню князёўны Ганны Кобрынскай і князя Хведара Бельскага. У канцы пятнаццага стагоддзя ўчынілася  змова супраць караля польскага і вялікага князя літоўскага КазіміраVІ Ягелончыка, у якой браў удзел і будучы муж  Ганны Кобрынскай. Удзельнікі вырашылі забіць уладара ў час вяселля ў Кобрынскім княстве на паляванні. Змова была выкрыта, а малады Бельскі вымушаны быў уцякаць з уласнага вяселля. Лібрэта расказвае пра дарэмныя спробы закаханых Хведара і Ганны аб’яднацца, пра палітычную сітуацыю таго часу ў краіне і пра лёсы асобных прадстаўнікоў шляхты.

Двухактная драма “Берасцейская мелодыя” апавядае пра сталенне і самаадданасць падлеткаў у час Другой сусветнай вайны. Твор прысвечаны подзвігу юнай патрыёткі Веры Краўцовай, якая жыла ў Брэсце, брала ўдзел у антыфашысцкім руху, падтрымлівала савецкіх ваеннапалонных, дапамагала ім вырвацца на волю. З-за правалу такой аперацыі была схоплена гестапаўцамі... На адным з будынкаў на вул. Леніна ў Брэсце вісіць мемарыяльная дошка, якая ўшаноўван памяць Веры Краўцовай, мілай сямнаццацігадовай дзяўчынкі з валасамі, заплеценымі ў дзве касы.

Цяпер не самы спрыяльны час для выдання драматычных твораў, пахвальна тое, што яны ўсё ж пішуцца і выдаюцца. Драматургія – важкая частка літаратуры, без яе немагчымае існаванне тэатра і кіно, таму нельга спыняцца на творчасці папярэднікаў, неабходна праз новыя драматычныя творы паказваць свой час і гісторыю з пункту гледжання сучаснасці.

СКАЧАТЬ