Дзвіна паўнаводная – “Дзвіна” паўнаслоўная


Дзвіна паўнаводная – “Дзвіна” паўнаслоўная

24.08.2017                          Новые книги


Ужо шосты па ліку альманах “Дзвіна” выдала сёлета Віцебскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Традыцыя гэтая доўжыцца ажно з 1985 года. За час існавання калектыўнага зборніка сфарміравалася і перыядычнасць яго выхаду – праз кожныя пяць год. 


Кніга, без перабольшання, шмат чым адметная і цалкам можа прэтэндаваць на ролю ўзору для тых, хто таксама збіраецца шыхаваць-рыхтаваць падобнага кшталту выданні. А такіх у краіне нямала – яны запатрабаваны ў пісьменніцкіх суполках, шматлікіх літаратурных аб’яднаннях, школах, навучальных установах рознага пораўню…

У чым жа адметнасць сёлетняга Віцебскага альманаха, якая складаецца з многіх адметнасцей? Пералічваць іх і апавядаць пра іх лагічна было б па меры знёмства з кнігай.

Кідаю позірк на вокладку, выкананую з асаблівым, вытанчаным, густам. Яе аздабляюць мастацкае фота маляўнічага краявіду з беласнежнай прыгажуняй-царквой і адбіткам усяго гэтага хараства ў вадзе, няйнчай, у самой Дзвіне. Колеравая гама падабрана настолькі ўдала, што ад сузірання карціны сэрца ахутвае спакой і злагада. Дый уся вокладка цалкам разам з тэкставым складнікам вылучаецца вытанчанасцю. Адразу відаць – над афармленнем працаваў прафесіянал высока класу. Гартаю старонкі. Унутры ілюстрацыі на іх гэткія ж вытанчаныя, вёрстка таксама. Толькі вельмі саліднаму выдавецтву такое пад сілу. Во, так яно і ёсць – гэта “Чатыры чвэрці”, прадукцыя якой заўсёды найвышэйшай якасці і ў візуальным плане, і ў плане рэдактуры. Загінаю першы палец – першая адметнасць, значыць.

Бяру ў рукі ўвесісты “гросбух”. Ого, які цяжкі! Колькі ж у ім старонак? Адгортваю апошнюю. “Ого!” паўтарылася – амаль 550 (загінаю другі палец). Давялося, аднак, пакарпець над выданнем яго стваральнікам, а найперш укладальніку. Нават не цікаўлюся, хто ўкладальнік. Хто ж яшчэ, як не кіраўнік пісьменніцкага аддзялення Тамара Краснова-Гусачэнка. Так яно і ёсць.

Адразу ж загінаю трэці палец – ажно дванаццаць частак: паэзія, проза, драматургія, краязнаўства, крытыка і публіцыстыка, сатыра і гумар, літаратура для дзяцей, 70-годдзю Перамогі прысвячаецца, славянскае брацтва, новыя імёны, пераможцы конкурсаў, мы памятаем. Больш за 100 аўтараў, з іх 41 – пераможцы конкурсаў, дзеткі-школьнікі. У частцы “Славянскае брацтва” змешчаны творы расійскіх сучасных пісьменнікаў, у тым ліку такіх вядомых, як Аляксанд Казінцаў, першы намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Наш современник”, Уладзімір Сарочкін, старшыня Бранскай абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі і сакратар СПР.

Можна пальцы загінаць яшчэ і яшчэ. Альманах выдаўся надзіва шыкоўны. Адно шкада – тыраж для такога выдання занадта малы, усяго 200 асобнікаў. Мала, да болю мала. Хоць ты крычы: дарагія выдаўцы, ахвяруйце на добрую справу, нягледзячы на тое, што і вам няпроста. Гэта ж узор!

Анатоль Крэйдзіч

СКАЧАТЬ КНИГУ