
03.05.2023 Новые книги
Выйшла з друку новая кніга паэзіі Людмілы Кебіч. Выданне атрымала назву «Мае начныя бліскавіцы» (Гродна, «ЮрСаПрынт», 2023).
***
«Вершы звычайна пішуцца па начах, калі не спіцца, калі перад вачыма мільгаюць абразкі ўбачанага і перажытага за дзень. Тады думкі паэта набываюць акрэсленую форму і прыналежнасць да пэўнага жанру, становяцца адлюстраваннем стану душы, імгненнямі азарэння, нагадваюць бліскавіцы, што спадаюць з начных нябёсаў. Паэту застаецца толькі перастварыць, запісаць зіхоткія радкі, надаць ім сэнс і пачуццёвую афарбоўку.
Так і з’явілася новая кніга паэзіі Людмілы Кебіч «Мае начныя бліскавіцы». Тэмы вершаў – жыццё ва ўсіх яго праявах, экспазіцыі з перажытага, хваляванне за складаны сучасны стан у свеце. І, вядома ж, – каханне, развагі пра маральныя якасці і найлепшыя каштоўнасці жыцця; карацей, – пра ўсё, што баліць і хвалюе, цешыць і ўзнадзейвае, да чаго неабыякавая чуйная душа аўтара новай кнігі». (Анатацыя).
Кампазіцыя кнігі – гэта чатыры раздзелы: «Пакліканая Беларуссю», «Экспазіцыя з перажытага», «Песні сэрца і душы», паэма «Дзяцелаўцы». Рэдактар новага зборніка лірыкі Людмілы Кебіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аліна Эдмундаўна Сабуць піша ў прадмове да кнігі:
«У свеце паэзіі Людмілы Кебіч заўсёды ўтульна і гасцінна. Як самавіты творца, паэтэса ўмее распагодзіць настрой любога чытача: ці ўлюбёна-рамантычнага, ці здзекліва-іранічнага. Бо тонка адчувае тое мастацтва, якому годна служыць ужо больш за паўстагоддзя.
Начныя бліскавіцы… Таямніча і таемна, дзівосна і дзіўна. Уражліва-іскрысты зарапад думак і пачуццяў, рацыё і эмоцый, пасланых адтуль, з-пад нябесся, каб азарыць зямное быццё.
Чатыры раздзелы кнігі – чатыры сцяжыны-пуціны ў жыццёвым кругазвароце да роднага беларускага краю, да малой радзімы, да штодзённага і вечнага, урэшце, да самой сябе…».
Прэс-служба Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси