Кніга Анатоля Дзенісейкі вылучана на суісканне літаратурнай прэміі імя У. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама


Кніга Анатоля Дзенісейкі  вылучана на суісканне літаратурнай прэміі імя У. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама

07.11.2023                                                          Новости


                                                                                                   Толькі птушкі могуць ганарыцца:

                                                                       Ім высока суджана ўзлятаць.

                                                                        Чалавеку ж – мала нарадзіцца.

                                                                       Чалавекам трэба яшчэ стаць.

                                                                                                        (Эдуард Асадаў).

 

З вялікім інтарэсам і захапленнем чытаецца кніга Анатоля Дзенісейкі “Любоў у агні вайны”, выдадзеная ў 2014 годзе і перавыдадзеная са значным  дапаўненнем у кастрычніку бягучага года выдавецтвам “Альтернатива” г. Брэста. А вось пісаць водгук на кнігу – вельмі складана. Бо пра яе ўжо столькі ўсяго добрага і светлага сказана вялікімі асобамі, знакамітымі людзьмі, што куды там мне да іх раўняцца!

Напрыклад, Ігар Міхайлавіч Лучанок – народны артыст СССР і Беларусі, аўтар больш за 400 песень прызнаўся, што кніга Дзенісейкі ”Любоў у агні вайны” разбудзіла ў яго ўспаміны апаленага вайной дзяцінства, пасляваеннага часу, блуканні па чужыне, вяртанні ў родныя мясціны. Кампазітар нават прысвяціў пісьменніку песню, напісаную на свае словы...

Генадзь Браніслававіч Давыдзька – заслужаны артыст Беларусі, старшыня Белтэлерадыёкампаніі, напісаў пісьменніку так: “Ваша кніга зрабіла на мяне вялікае ўражанне… Праўдзівая, насычаная кроўю і боллю і сагрэтая Вашым талентам, кніга дастойна самай высокай адзнакі. Я, прызнацца, даўно не чытаў такіх моцных твораў. На аснове Вашай кнігі можна стварыць не адну, а некалкі кінастужак! Яна здольна натхніць камазітараў, мастакоў. Было б вельмі правільна перакласці кнігу на іншыя мовы, каб ніхто ў свеце не забываў, якой цаной нам дасталася перамога. Хачу асобна падкрэсліць, што кніга Ваша цэнна не толькі з гістарычнага і патрыятычнага пункту гледжання, але і мае вялікую мастацкую цэннасць. Дакументальная аснова павялічвае глубіну пранікнення ў свядомасць і сэрца чытача”.

Не менш знакаміты Кузьміч Мікалай Пятровіч – заслужаны дзеяч мастацтва Рэспублікі Беларусь, аднаўляльнік крыжа Ефрасінні Полацкай, падкрэсліў, што ў кнізе ёсць раздзел – наказ нашчадкам, гімн дабру. Ён гучыць духоўным камертонам, падтрымліваючым высокую, чыстую ноту…Гэта светлая кніга повядзе за сабой сваю армію чытачоў. Такія кнігі не даюць душы зачарсцвець…”

Шмат цудоўных слоў пра кнігу сказалі пісьменнік Тамашэвіч Георгій Сцяпанавіч, вядомы на ўсю акругу садавод, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Магуйла Пётр Міхайлавіч, надзвычайны і паўнамоцны пасол Расіі ў Рэспубліцы Беларусь А. Сурыкаў, кампазітар Перапёлкін Валянцін Васільевіч і многа-многа іншых знакамітых дзяржаўных і творчых асоб.

Адноўленая кніга набыла адпаведную літаратурную важкасць, адметную яркасць, значную ёмістасць.

Творы напісаны па ўспамінах аўтара і па расказах родных і знаёмых – пра нялёгкае жыццё і лёсы тых, каго апаліла вайна, хто не вярнуўся з фронту, хто не дачакаўся сваіх бацькоў, сыноў, братоў, каханых. 

Героі твораў – не выдуманыя персанажы, не абагуленыя вобразы з псеўданімамі, а сапраўдныя людзі, са сваімі імёнамі і прозвішчамі, якія сустракаюцца і зараз на зямлі нашай. Сярод іх – добравядомыя ўсім знакамітыя беларусы, заслужаныя асобы, землякі-палешукі, сябры, родныя і блізкія аўтару людзі.

Кніга, дапоўненая новымі апавданнямі, нарысамі, навеламі, эсэ, філасофскім роздумам, перасыпаная гістарычнымі фактамі, актуальнай і грунтоўнай інфармацыяй, атрымалася настолькі цікавая, прыцягальная, што ад яе і сапраўды цяжка адарвацца.

На яе старонках сабрана ўсё лепшае, чалавечае, што характэрна як беларусам наогул, так і паляшукам. Гэта – патрыётыка і духоўнасць, гераізм і мужнасць, стойкасць і нязломнасць беларускага народа ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі; гэта – паляшуцкая дабрадушнасць і міласэрнасць, працавітасць і кемлівасць, адданасць і любоў да сваёй зямлі, роднага Палесся, да Беларусі.

Варта заўважыць, што добра было б прапанаваць гэту кнігу школам для пазакласнага чытання ў старэйшых класах. Бо даўно вядома, што на выхаванне чалавека, на фарміраванне яго характару аказваюць уплыў не толькі этнаграфічныя, эканамічныя ўмовы, але і гістарычныя падзеі, гераічныя ўчынкі асобных людзей або цэлых груп ці нават пакаленняў.

І не мае значэння, у якім часе нарадзіўся чалавек. Галоўныя нацыянальныя рысы ён абавязкова ўнаследуе, з ранняга дзяцінства ўбярэ ў сваю душу і сэрца ўсё лепшае, што здабылі і збераглі для яго старэйшыя пакаленні, добра ўсвядоміць, да якіх каранёў, да якога роду ён належыць. А для гэтага мы павінны выхоўваць нашых дзяцей на добрых справах, народных традыцыях, адметных прыкладах, гераічных учынках.

Важна падабраць і прапанаваць вучням патрэбную, карысную літаратуру, разумныя кніжкі, з дапамогай якіх прывіваюцца высокія, прыгожыя пачуцці, гартуюцца сілы духу, якія вучаць дабру і справядлівасці, міру і дружбе, любові і вернасці, адданасці і стойкасці. Усяго гэтага хапае ў перавыдадзенай кнізе Анатоля Дзенісейкі.

Першае выданне кнігі “Любоў у агні” арымала шырокае прызнанне і вядомасць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Яно прысвячалася 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Перавыдадзеная кніга “Любоў у агні вайны”, лічу, набудзе яшчэ большую папулярнасць і чытаемасць, бо ўжо адчуваецца яе новае дыханне, расце актыўная запатрабаванасць сярод чытачоў – прыхільнікаў творчасці нашага знакамітага пісьменніка-эсэіста і рэаліста.

Яна ўжо стала на вахту Памяці ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, заняла дастойнае месца ў Прэзідэнцкай бібліятэцы ў Доме урада, у бібліятэцы Мінскай духоўнай семінарыі, у шматлікіх абласных, цэнтральных, раённых бібліяэках.  

Варта падкрэсліць, што і сам аўтар прыкладвае шмат намаганняў у прапагандзе і распаўсюджванні сваёй літаратуры, у выхаванні падрастаючага пакалення ў духу патрыятызму, міру і стварэння. Для гэтага ён ужо наведаў дзесяткі гарадскіх і сельскіх школ, Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя А.С. Пушкіна, гімназію г. Іванава, дзе правёў сустрэчы з вучнямі, навучэнцамі, студэнтамі, прэзентаваў новую кнігу, у якой, як мне падаецца, па крупіцах сабрана ўсё лепшае і цэннае, чым жыў і даражыў беларускі народ на працягу тысячу гадоў, пачынаючы з ХII cтагоддзя.     

І нездарма кніга Анатоля Дзенісейкі “Любоў у агні вайны” вылучана на суісканне абласной літаратурнай прэміі імя У.А. Калесніка ў намінацыі “Проза”.

За такі духоўны, нацыянальны скарб, як дадзенае літаратурнае выданне, варта ўганараваць пісьменніка высокай абласной прэміяй.

Як чытач і прыхільнік творчасці Анатоля Іванавіча – жадаю гэтаму выданню абсалютнай перамогі!

Надзея ПАРЧУК, член Саюза пісьменнікаў Беларусі

 

 

                                      

                                                    

 

На фота: Сустрэча пісьменніка Анатоля Дзенісейкі з вучнямі 9 “А” класа гімназіі г. Іванава. Прэзентацыя кнігі “Любовь в огне войны”. 5 верасня 2023г.

 

 

 

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси