
15.11.2023 Новые книги
Выйшаў з друку зборнік літаратурна-мастацкіх твораў да 895-годдзя горада Гродна «Лепшы горад Зямлі» (Гродна, «ЮрСаПрынт», 2023). На старонках кнігі вас чакае маляўнічая галерэя ўвасабленняў вобраза горада над Нёманам ад 47 (!) аўтараў рознага ўзросту.
У анатацыі да зборніка гаворыцца: «Кніга, якую вы зараз трымаеце ў руках, – творчая ініцыятыва Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У зборніку літаратурна-мастацкіх твораў «Лепшы горад Зямлі», прысвечаным 895-йгадавіне горада Гродна, прадстаўлена мастацкае слова як членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, так і аматараў. Усё гэта людзі розных узростаў і поглядаў на жыццё. Але яднае іх любоў да горада Гродна. Аб’яднаўчым фактарам з’яўляецца таксама сам вобраз горада на Нёмане, якім бачыцца ён кожнаму аўтару праекта: яркі, арыгінальны і непаўторны, такі блізкі і дарагі сэрцу кожнага гарадзенца». Ідэя стварэння зборніка належыць Людміле Антонаўне Кебіч.
Адкрывае змест кнігі ўступны артыкул ««Гродна мае твар адметны: горад - казка, горад - рай»: ушанаванне Гродна пісьменнікамі Гродзенскага краю (да юбілейнага 895-годдзя горада)». Аўтар прадмовы, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі ў намінацыі «Літаратурная крытыка і літаратуразнаўства», член Саюза пісьменнікаў Беларусі, кандыдат філалагічных навук Аліна Сабуць піша: «Гародня, Гродна – каралеўскі горад замкаў, горад-гісторыя, горад-святыня. І для кожнага гарадзенца вялікі свет пачынаецца менавіта з той мясціны, роду-вытоку, дзе нарадзіўся і ўзгадаваўся, дзе пасталеў душою». І з гэтым нельга не пагадзіцца. У форме займальнай экскурсіі аўтар артыкула прапануе гістарычны агляд летапісных згадак, лірычных прысвячэнняў, краязнаўчых даследаванняў вобразу Гродна – ад сівой даўніны да нашых дзён. У радках адчуваецца магічны подых часу. Нібыта крокі па старым бруку, гучаць імёны вядомых гараджан: палкаводца Давыда Гарадзенскага, навукоўца Жана-Эмануэля Жылібера, рэфарматара Антонія Тызенгаўза, педагога Яна Каханоўскага, а таксама пісьменнікаў: Элізы Ажэшкі, Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Аляксея Пяткевіча, Дануты Бічэль і іншых, шчодра цытуюцца і дасціпна аналізуюцца аўтарскія тэксты. Вобразна кажучы, уступны артыкул Аліны Сабуць выконвае ролю элегантнага бабінца – прыбудовы перад уваходам у храм.
З паэтычнымі прысвячэннямі сталіцы Прынёмання ад Саюза пісьменнікаў Беларусі ў зборніку выступілі: Людміла Кебіч, Браніслаў Ермашкевіч, Ала Клемянок, Марыя Шаўчонак, Алена Руцкая, Мікалай Іваноўскі, Віктар Куц, Ірына Войтка, Рыгор Гармаш, Людміла Шаўчэнка, Наталля Цвірко, Ганна Скаржынская-Савіцкая, Таццяна Сучкова, Таццяна Яцук, Тамара Мазур, Таццяна Лашук, а таксама маладыя гродзенскія паэтэсы Кацярына Каламійцава, Антаніна Нурэтдзінава, Анастасія Дзямянік, Вольга Алізар і інш. Гарадское літаратурнае аб’яднанне «Надзея» ў кнізе прадстаўляюць паэты: Святлана Глембоцкая, Наталля Чакліна-Гарбачова, Лілія Шэлешка, Алена Руж, Таццяна Лугавая, Павел Нікалаеў, Аляксандр Рабыкін, Людміла Мілоста, Наталля Озерава, Міхаіл Калачык, Людміла Недрагайлава, Кацярына Калік, Святлана Барнавалава, Алена Чэпукене, Святлана Елісеева, Вольга Пянькова і інш. А ячшэ чытача кнігі чакаюць: цікавыя эсэ (Алена Чэпукене, Лілія Бульботка, Паліна Станкевіч), малая проза ад Ліны Багданавай і Ірыны Салаты, канспіралагічны нарыс Дзмітрыя Радзівончыка і Сяргея Трашко, публіцыстыка гісторыка Карыны Батраковай. Зборнік эфектна аздоблены каляровымі фотаілюстрацыямі і не толькі (ёсць нават рэпрадукцыя легендарнай гравюры Цюндта). За гэта варта падзякаваць кніжнае выдавецтва «ЮрСаПрынт» і яго кіраўніка Аляксандра Рыжага. На тыльным баку вокладкі кнігі размяшчаюцца прысвечаныя Гародні красамоўныя выказванні Уладзіслава Сыракомлі, Зоські Верас, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча і Аляксея Пяткевіча. Задачай рэдакцыйнай калегіі зборніка было прадставіць мастацкі вобраз горада Гродна разнастайна, свежа, нетрывіяльна, без штампаў, клішэ, аднатыпна пафасных любоўных прызнанняў і памятаць: эстэтыка перш за ўсё!
Праца над кнігай злучыла розныя сусветы, прымусіла дзясяткі сэрцаў біцца ва ўнісон. У выніку атрымалася ўніверсальная, унікальная кніга-артэфакт, сапраўдны падручнік па «гродназнаўству», які можа выкарыстоўвацца на ўроках пазакласнага чытання. Яшчэ гэта кніга-сувенір, якая мае гісторыка-культуралагічную каштоўнасць, кніга-падарунак на памяць, здольны зрабіць спатканне з горадам незабыўным. Назва кнігі – «Лепшы горад Зямлі» – мае іранічны характар. Мы добра разумеем, што пачуццё патрыятызму дазваляе жыхарам кожнага населенага пункта ў самых хвалебных танах выказвацца аб сваім родным кутку, дзе бяруць пачатак зямныя шляхі чалавека, народа, краіны. Тэма малой радзімы невыпадкова застаецца для сучасных беларускіх літаратараў адной з галоўных. Вельмі важна, што новае выданне, вынік калектыўнай творчасці – візітная картка нашага рэгіёну, наш адметны код у агульным арнаменце нацыянальнай культурнай спадчыны. Менавіта ў гарманічным спалучэнні элементаў рэгіянальнай культуры праяўляцца духоўная веліч шматнацыянальнай, шматканфесійнай Беларусі, такой рознай, непаўторнай для кожнага і адзінай для ўсіх. Таму сімвалічна, што на вокладцы кнігі выявы гродзенскіх славутасцяў размясціліся на фоне геаграфічнага контуру Беларусі. Геаграфія зборніка таксама рэгіянальная: сваім бачаннем літаратурнага вобраза Гродна, акрамя гродзенцаў, падзяліліся прадстаўнікі Слонімскага, Ваўкавыскага, Навагрудскага, Смаргонскага, Шчучынскага, Воранаўскага, Гродзенскага раёнаў вобласці з напісанымі ў розныя гады творамі на беларускай і рускай мовах. Самаму юнаму з аўтараў зборніка – 17, самаму сталаму 90 гадоў.
Жадаем прыемнага чытання і дзякуем усім удзельнікам праекта. Мяркуем, кніга будзе вельмі запатрабаванай настаўнікамі, школьнікамі, студэнтамі, навукоўцамі-даследчыкамі, краязнаўцамі і аматарамі літаратуры. У хуткім часе адбудуцца прэзентацыі зборніка літаратурна-мастацкіх твораў «Лепшы горад Зямлі» для шырокай грамадскасці.
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси