Горад, якога няма?


Горад, якога няма?

Горад, якога няма?

Пасля доўгага перапынку выйшла новая кніга Людкі Сільновай ― зборнік вершаў «Горад Мілаград»

Перад тым, у 2007 годзе, паэтэса прэзентавала «Крышталёвы сад» ― кнігу літаратуразнаўчых нарысаў, якую, аднак, ацанілі іначай. Валянцін Акудовіч зазначаў: «Тут ёсць рэцэнзіі, ёсць літаратурныя партрэты. Але па сутнасці гэта не кніга крытыкі. Гэта таксама кніга паэзіі. Таму што больш нідзе вы не сустрэнеце такой крытыкі, як тут: тут увесь час адкрываюцца сусветы, а не проста расстаўляюцца літаратурныя знакі».

Новыя сусветы ― гэта сапраўды пра творчасць Людкі Сільновай. Фантастычны, абаяльны і чароўны «Горад Мілаград» таму пацвярджэннем. Што цікава, па сутнасці, новая кніга перарывае маўчанне нашмат даўжэйшае за дзевяць гадоў, калі лічыць ад «Крышталёвага саду»: апошняй паэтычнай кнігай былі «Зеленавокія воі і іх прыгажуні» 2001 года.

Можна было б чакаць, што за пятнаццаць гадоў светабачанне паэтэсы змянілася. Але чаканні марныя: яе міфалагічнае бачанне сучаснасці толькі абвострылася. Свет паўсядзённасці пераўтвараецца ў набор таямнічых сімвалаў і знакаў, па якіх аўтарка й арыентуецца. Час для яе нелінейны. Тут варта казаць увогуле не пра час, а пра часава-прасторавую катэгорыю, напоўненую рэчамі, вобразамі, няўлоўнымі асацыяцыямі, якія Людка Сільнова перадае як праз яркі, насычаны сэнсам эпітэт, так і праз гукапіс. Апошні ў паэзіі Сільновай грае якраз найпершую ролю. Змест і інтанацыя, з якой той перадаецца, непадзельныя.

Маўчыць апарат.

Як манах акурат ―

Чорны, стары і маўклівы.

Змейка ў клубок ―

Хвост у раток ―

Сціснула плоць палахліва...

― Веды, вы дзе?

― Ў цёмнай вадзе.

Там, дзе туман і поўня.

Хваля збяжыць ―

Мілы ляжыць

У глыбіні невымоўнай.

(«Нетэлефанаванне»)

Што ж такое горад Мілаград? Для Сільновай гэта горад, любы сэрцу. Ён адначасова ўяўны і сапраўдны. Гэта зборны вобраз месца, дзе ты пачуваешся вольным, шчаслівым, дзе паэзія жыцця ― рэч натуральная. Такая ж натуральная, як і самі творы зборніка, дзе няма ніводнага выпакутаванага радка, гэта значыць ― выседжанага за сталом, штучнага. Кітс быў бы задаволены.

Мілаград нечым блізкі абяцанай зямлі. Вандроўны вобраз, які ў залежнасці ад настрою можна прымераць і роднаму Маладзечна, і заснежанаму Мінску, і старажытнаму Полацку, і гораду-мары, абстракцыі, складзенай з аскепкаў усяго бачанага і перажытага. Мілаград схаваны ў сэрцы і разам з тым вакол, паўсюль. Што лагічна: бачыш тое, што маеш у сабе. «Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой». Выслоўе Караткевіча, якое надзвычай пасуе Людцы Сільновай.

Пад гэтым небам адбываюцца дзівосныя рэчы. Дзівосныя для чытача: аўтарка ў гэтым свеце якраз і жыве. Тое, што для нас паўстае казкай, для яе ― штодзённасць. Кантраст светабачання надзвычай узрушвае ў «Горадзе Мілаградзе»: кантраст, вядома, між тым, як прызвычаіўся пачувацца чытач, і рэчаіснасцю аўтара. Праз гэта вершы Людкі Сільновай адначасова зачароўваюць, улагоджваюць і трывожаць. Многія з’явы, штодзённыя рытуалы, на якія мы не звернем асаблівае ўвагі, у свеце Сільновай паўстаюць у велічным святле. Месца працы ― бібліятэка ― для яе адначасова і храм, і вежа, у якой можна ператрываць аблогу трывогі ці клопату, з якой свет бачны шырэй, панарамна. Кубак кавы раніцай нараджае ледзьве не оду

духмянаму напою. Але гэта больш чым узвышэнне простых рэчаў з мэтай пазбегчы манатоннасці будняў. На эскапізм Людка Сільнова дакладна не пакутуе.

Скажам так: яна не паэтызуе жыццё штучна. Жыццё для яе і ёсць паэзія. Паэзія ёсць жыццё.

Для рэцэнзіі, магчыма, выказванне занадта пафаснае ці ўвогуле пустое. Трэба прайсці ўвесь шлях, ад раздзела «Урбаніка» да мініяцюр «Сняжынкі», каб зразумець, наколькі гэта праўдзіва, наколькі высокае ў аўтаркі бачанне свету, ― і шчыра падзівіцца.

Калі пэўны аўтар звяртаецца да гістарычных вобразаў, уводзіць міфалагічныя матывы ў твор, часцей за ўсё вынік успрымаецца як стылізацыя. Якасная, вытанчаная, яркая ― якая заўгодна, але стылізацыя. Вы адчуваеце, што пісаў сучасны чалавек, аперыруючы сродкамі сівой даўніны. У выпадку з «Горадам Мілаградам» усё іначай: воі, мячы, вятры, ваўкі, верасы на пагорках, прыўкрасныя дзевы ў казачным антуражы ― усё гэта не эксперымент, не свядома абраны «інструментарый», але адзіна магчымы вобразны шэраг для паэта. Людка Сільнова дае чытачу ўнікальную магчымасць (раскошу, як б сказала) адчуць, што ў ім жыве не толькі памяць пра слаўную мінуўшчыну: самая мінуўшчына ― жывая. Мы і ёсць тыя самыя воі, тыя самыя пані, і нашыя гарады ― адбіткі недасяжнага ў нечым Мілаграда. Гэта наводзіць на роздум, а ці не падзяляе Людка Сільнова ідэалістычныя погляды Платона, у якіх прызнаецца вышэйшы свет ідэй і ніжэйшы свет матэрыяльнага? «Горад Мілаград» набліжае гэтыя светы адно да аднога, пераносіць вечныя ідэалы на грубую, як нам здаецца, глебу сучаснасці.

У сваёй паэзіі Людка Сільнова перасягнула мяжу часу і мяжу ўмоўнасцей. Нізкага і высокага больш не існуе: любая рэч ― дзіва, падарунак, які мы проста не ўмеем разгарнуць. Як няма мінулага і будучыні: ёсць толькі чалавек і яго свет, непарыўнасць часу, вечнасць і ў ёй ― душа.

Наста ГРЫШЧУК

СКАЧАТЬ