
24.02.2025 Віншуем
Алёна Мікалаеўна Папко нарадзілася 24 лютага 1990 года ў вёсцы Сакалова Бярозаўскага раёна. Вучылася ў Агароднікаўскай сярэдняй школе. Скончыла факультэт замежных моў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна (2012).
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2015 года.
Друкавалася ў часопісах «Маладосць», «Полымя», «Нёман» , «Наш современник» (Масква), газетах «Літаратура і Мастацтва», «Звязда», «Заря», «Маяк», калектыўных зборніках.
Лаўрэат рэспубліканскага літаратурнага конкурсу імя Максіма Багдановіча (2014), абласнога літконкурсу для дзяцей і юнацтва, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Брэстчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (2014). Пераможца конкурсаў маладых літаратараў Саюзнай дзяржавы «Мост сяброўства» (2014–2015, 2016–2017, 2018-2019), творчага спаборніцтва «Родны дом» (2016), лаўрэат III Міжнароднага фестывалю-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў «Берега дружбы» (с. Пакроўскае, РФ, 2018 г.), лаўрэат абласной літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканкама імя Ул.Калесніка ( 2023)
Аўтар паэтычнага зборніка «Мой сад» (2021 г.)
САД
Ёсць сад пад назваю жыццё,
Ў які прыходзім мы аднойчы.
Стагоддзяў колькі б ні прайшло,
У той жа сад не трапіць двойчы.
Таемны сад – сустрэч, дарог,
Калі ў нагах на радасць стома,
А шоўкавы звініць мурог,
Стракозаў песнямі вясёла.
Шчымлівы сад – завей, снягоў,
Дзе вельмі лёгка апячыся.
Таму ты да пляча сяброў
Заўсёды ў смутку прытуліся!
Шчаслівы сад – вясны, і мрой,
І самай трапяткой надзеі…
Каханне ў ім – на рану соль,
Яно ж – бялюткія лілеі!
***
Бяруцца пад ноч маразы,
А глеба ўжо пахне вясною.
– Тата, ты мне прывязі
Бярозавіку з сабою!
Зраблю невялічкі глыток –
Адчую душы абуджэнне.
Дасць сілы той лекавы сок
І шчодра адорыць натхненнем.
І болей не будзе пячы
Яршыстай завеяю студзень.
На сакавіцкім плячы –
Цяпло нам і ў ветраны будзень.
Ідучы сцяжынай жыцця,
У родным знаходжу спатолю:
– Тата, прашу, прывязі
Бярозавіку з сабою!
***
Час на ўзыходзе – прадвесне,
Сонца паспешлівы крок,
А ў мімалётнае песні
Кнігаўкі чуць галасок.
Путы зрываючы смела
Прымаразкаў і вятроў,
Вітае прастора ўзмужнела
Ўсмешкамі дзьмухаўцоў.
Вось яно, блізкае шчасце,
У кожным расістым глытку!
Дзе што ні кропля – прычасце
Словам у хуткім радку.
Трымаючы досвіткам белым
Працягнуты лёсам карэц,
Будуць услаўлены ў сэрцы
Кнігаўка і дзьмухавец!
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси