
08.10.2025 Новости
Старшыня ГрАА СПБ Людміла Кебіч выступіла ў санаторыі «Нёман-72», дзе знаходзіцца на адпачынку. У аўтарскім выкананні паэтэсы, заслужанага дзеяча культуры Беларусі гучалі не толькі вершы, але і песні. Творчую вечарыну прысвяцілі Дню пажылых людзей і Дню настаўніка.
Санаторнае жыццё – звычайна гэта шмат спакою, увагі да свайго самаадчування, працэдуры, адпачынак і прыемныя знаёмствы. Але магчымыя варыянты. І сярод іх – творчыя актыўнасці! Людміла Антонаўна не адзіны пісьменнік Прынёмання, які выступае перад пастаяльцамі санаторыяў. Можна казаць пра зараджэнне традыцыі. А дзе традыцыі народа, там і яна, вядомая беларуская паэтэса, яркая, таленавітая асоба, чыё абаянне здольна скарыць самую патрабавальную аўдыторыю. Але мабыць, такой задачы на гэты раз не ставілася. Тытулаваны грамадскі дзеяч, вядомая пісьменніца, педагог з паўвекавым стажам сваім новым сябрам прадставіла сваё мастацтва ва ўсёй яго шматграннасці, цікава распавяла пра сябе і пра свой творчы лёс.
У актавай зале санаторыя «Нёман-72» сабраліся людзі з розных куткоў Беларусі, прадстаўнікі розных пакаленняў, аб’яднала якіх любоў да прыгажосці, да гармоніі. Гарманічным у гэты дзень (6 кастрычніка) было ўсё: надвор’е, настрой, самаадчуванне, кампанія... І натхнёная душа паэтэсы расквітнела. У аўтарскім чытанні прагучалі вершы Людмілы Антонаўны розных гадоў, на беларускай і рускай мовах. Вішанькай на торце стала песенная старонка творчага вечара: у выкананні паэткі прагучалі песні, напісаныя на яе словы (музыка Генадзя Кебіча).
Прысутныя атрымалі магчымасць пазнаёміцца з кнігамі пісьменніцы, задаць ёй пытанні, падзяліцца ўражаннямі ад пачутага. У зале не было ніводнага абыякавага чалавека. Гучалі шчырыя, гучныя апладысменты, на тварах загараліся ўсмешкі. І стала зразумела: жыццё, як і адпачынак, не бывае паўнавартасным без мастацтва. Дакранаючыся да яго, чалавек пачынае лепш сябе адчуваць, чуць і разумець уласны ўнутраны свет. Жыццё пачынае нараджаць карысныя эмоцыі, галоўная з якіх радасць кожнаму дню. І ўсё гэта – дзеянне чароўных лекаў для душы, вынік нічым незаменнай тэрапіі мастацтвам.
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси