04.11.2025 Новости
5 лістапада 75 гадоў спаўняецца пісьменніку, журналісту, рэдактару, укладальніку альманаха «Астрамеўчаўскі рукапіс» Аляксандру Міхайлавічу Валковічу.
Аляксандр Міхайлавіч Валковіч нарадзіўся 5 лістапада 1950 г. у г. Брэсце ў сям’і вайскоўца. Яго бацька, Міхаіл Ільіч Валковіч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнамі і медалямі; працаваў зампалітам Дамачаўскага касцёва-сухотнага санаторыя. Маці, Лідзія Іларыёнаўна (Казлова), перажыла акупацыю ў роднай вёсцы, адкуль у 1943 г. за выратаванне яўрэйскай сям’і была адпраўлена на прымусовую працу ў Нямеччыну, працавала ў якасці прачкі нямецкага шпіталя ў розных краінах: Германіі, Аўстрыі, Італіі. Была вызвалена ў 1945 г. амерыканскімі войскамі ў г. Карціна-д-Ампеццо (Італія). Пасля вайны працавала ў розных месцах, але асноўным месцам да выхаду на пенсію была бібліятэка Дамачаўскай сярэдняй школы.
У 1956 г. сям’я Валковічаў пераехала ў г. п. Дамачава Брэсцкага раёна, дзе прайшлі дзяцінства і юнацтва будучага пісьменніка. Працоўную дзейнасць Аляксандр Валковіч пачаў стывідорам Архангельскага марскога лесаэкспартнага порта, працаваў на сплаве, лесапавале на Поўначы і ў Сібіры.
У 1975 г. скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Служыў ваенным журналістам у армейскім друку Беларускай, Маскоўскай, Закаўказскай, Прыкарпацкай ваенных акруг, груп войскаў у ПНР і ГДР. Пасля звальнення ў запас працаваў у брэсцкай раённай газеце «Заря над Бугом», быў арганізатарам першай газеты нафтавай кампаніі «Лукойл» і рэдактарам газеты «Нефтяник Когалыма» (Цюменская вобласць). Вярнуўшыся на радзіму, працаваў загадчыкам аддзела прамысловасці часопіса «СЭЗ Брест», карэспандэнтам брэсцкай абласной газеты «Заря», публікаваўся ў вядучых рэспубліканскіх газетах Беларусі.
Аповесці, апавяданні, нарысы Аляксандра Міхайлавіча выходзілі ў часопісах «Советский воин», «Литературная Армения», «Няміга літаратурная», «Нёман», «Маладосць», «Полымя», інтэрнэт-часопісах «Русский переплёт», «Эрфольг», газеце «Русская Америка», у перадачах Каліфарнійскага радыё, у літаратурных альманахах Германіі і Аўстрыі, у іншых выданнях. Аўтар кніг «Зубр беловежский чугунный» (2007), «Берёза чёрная, берёза белая...» (2009), «Алеся. Беловежские сны» (2009), «Письма войны» (2010, 2019), «Лето красных лошадей» (2012), «И тогда спроси свою печаль...» (2017), «День шёпота трав» (2024), «Отпусти, Домачево, отпусти…» ( 2025)
Аляксандр Міхайлавіч — член Беларускага Саюза журналістаў, Саюза пісьменнікаў Беларусі (2006). У 2013 г. пад кіраўніцтвам Аляксандра Міхайлавіча пабачыў свет першы нумар брэсцкага раённага краязнаўчага альманаха «Астрамечаўскі рукапіс».
Аляксандр Валковіч за сваю літаратурную творчасць мае шмат узнагарод. Ён пераможца міжнароднага літаратурнага конкурсу інтэрнэт-часопіса «Рускі пераплёт» у намінацыі «Вялікая проза» — I месца, дыплом і Вялікі прыз за аповесць «Абярэг» (2007). Лаўрэат конкурсу «Літаратурная Вена-2008»; конкурсу вайсковых пісьменнікаў імя Героя Савецкага Саюза В. Карпава (2009, Самара); абласной літаратурнай прэміі імя У. Калесніка ў намінацыі «Проза» (2010); конкурсу выдавецтва «Подмосковье» «Наша перамога. Наша гісторыя. Наша памяць» у намінацыі «Прыз сімпатый гледачоў» (2015). Дыпламант XIII Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Літара» ў намінацыі «Лепшы творчы праект года раённых, гарадскіх, шматтыражных друкаваных СМІ» за праект «Астрамечаўскі рукапіс» (2017).
Паважаны Аляксандр Міхайлавіч!
У гэты цудоўны лістападаўскі дзень мы спяшаемся сардэчна віншаваць Вас з прыгожай юбілейнай датай! Ад усяго сэрца мы зычым Вам у гэты святочны, радасны, шчасны дзень таго, пра што марыць сэрца, таго, да чаго імкнецца Ваша душа. У першую чаргу – моцнага здароўя, вялікага і сапраўднага шчасця, радасці, бясконцай колькасці нагод для ўсмешкі, павагі і любові ад тых, хто побач. Няхай з Вамі заўсёды будуць самыя верныя і сапраўдныя сябры, родныя, блізкія, любімыя людзі!
З павагай,
Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ,
старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі,
і калегі па пяры
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


