
Гісторыя літаратуры творыцца бясконца: адкрываюцца новыя факты біяграфіі творцаў, уводзяцца ў кантэкст імёны пісьменнікаў, якіх раней з розных прычын згадваць было альбо непажадана, альбо і ўвогуле немагчыма, знаходзяцца ў архівах невядомыя раней творы… Усё гэта ― як часткі вялікай складанкі, канчатковага аблічча якой мы, магчыма, не ўяўляем і цяпер. Бо кожная знаходка не толькі ўзбагачае гісторыю нацыянальнай літаратуры, але і ўносіць пэўныя карэктывы ў карціну, ужо існую. Гэткай каштоўнай частачкай складанкі, безумоўна, стала і выданне выбраных твораў Пятра Сакала і Валянціны Казлоўскай у выдавецтве «Кнігазбор» у 2016 годзе (укладальнікі Міхась Казлоўскі і Сяргей Панізнік).
Ідэю аб’яднаць пад адной вокладкай творы двух пісьменнікаў міжваеннай Латвіі ўкладальнікі патлумачылі тым, што Пятро Сакол (сапраўднае прозвішча Масальскі) і Валянціна Казлоўская, якая падпісвалася часам псеўданімам Лясная Кветка, «былі людзьмі аднаго пакалення і ў чымсьці падобнага лёсу. Абое нарадзіліся ў той частцы Беларусі, якая з прычыны неспрыяльнай палітычнай кан’юнктуры адышла да новаўтворанай латвійскай дзяржавы. Абое былі дзецьмі невялічкіх беларускіх паселішчаў з незаможных сялянскіх слаёў». Абое былі навучэнцамі Люцынскай беларускай прыватнай гімназіі і змяшчалі свае творы на старонках школьнага часопіса «Ластаўка» і, зразумела, чыталі вершы адно аднога. А ў Валянціны Казлоўскай ёсць нават прысвячэнне П. Сакалу (верш «Зорка»). Лёс іх склаўся па-рознаму: В. Казлоўская была расстраляная ў савецкай Беларусі ў 1938-м, Пятро Сакол памёр у Рызе ў 1985 годзе.
Зразумела, сёння іх творчую спадчыну ― паэтычную і празаічную ― варта ўспрымаць найперш у кантэксце гісторыі літаратуры. Матывы, тэмы і нават вершаваныя пырёмы цалкам абумоўленыя часам і грамадска-палітычнымі акалічнасцямі ― гэта ў асноўным палымяныя заклікі да барацьбы і змагання, якія перамяжоўваюцца часам праявамі адчаю і расчаравання. Ёсць і лірычныя вершы, але іх вельмі мала. Калі б гэтыя творцы мелі магчымасць працягнуць свой літаратурны шлях і дажыць да творчага сталення, то, рыхтуючы да выдання збор твораў, безумоўна, далёка не ўсё з напісанага за гэты час, прызнанылі б вартым увагі. Але гэтае «калі б» акурат і мае тут галоўнае значэнне.
Пятро Сакол стаў аўтарам аднаго зборніка паэзіі «На світанні», які б і значыў сапраўды толькі світанне творчага росквіту. Творы Валянціны Казлоўскай асобнай кнігай не выходзілі. Яна ўвогуле, верагодна, не разглядала літаратурную дзейнасць як прафесію: у 1927 годзе, паводле ўспамінаў старэйшай сястры Марыі Нікіфароўскай, паспяхова здала ўступныя іспыты на медыцынскі факультэт Латвійскага ўніверсітэта, але неўзабаве ўжо была студэнткай Беларускага дзяржаўнага медыцынскага інстытута ў Мінску. Жаданне служыць свайму народу, якое яна выказвала амаль у кожным вершы, аказалася для яе не рамантычным заклікам, а мела цалкам канкрэтнае ўвасабленне.
Акрамя мастацкіх твораў, у кнізе змешчаны таксама біяграфічныя матэрыялы, ліставанне Пятра Масальскага з дзеячамі беларускай культуры, ліставанне Марка Шапіры (сына Валянціны Казлоўскай) з Сяргеем Панізнікам. І з ліставання гэтага таксама паўстае гісторыя ― трагічная гісторыя пошукаў вяртання ў літаратурны кантэкст (калі гаворка пра Пятра Масальскага) і спробаў усведамлення сябе нашчадкамі беларускай паэтэсы (калі гаворка пра сына і ўнука Валянціны Казлоўскай).
Калі імёны творцаў першай трэці дваццатага стагоддзя актуалізуюцца ў літаратурнай прасторы ў 2016 годзе праз выданне іх твораў асобнай кнігай, то біяграфія, гісторыя пошукаў і вывучэння творчасці, успаміны сваякоў, маюць, бадай, такую ж каштоўнасць, як і самі творы. Бо гэта дазваляе ўдакладніць не толькі асобныя старонкі ў гісторыі літаратуры, але і ў нацыянальнай гісторыі ўвогуле. Цяпер мы можам толькі меркаваць, якое значэнне і ўплыў мелі мастацкія здабыткі Пятра Сакала і Лясной Кветкі на сваіх сучаснікаў, мы ж, безумоўна, не можам чытаць іх вачыма беларусаў 1920-х гадоў, а для сучаснага даследчыка гэта проста ўкладаецца ў пэўную сістэму «літаратуразнаўчых каардынат». Але лёсы гэтых людзей, колькі б ні прайшло гадоў, па-ранейшаму застаюцца для нашчадкаў (па крыві і па культурнай спадчыне) анталогіяй болю.
Безумоўна, выданні такога кшталту ў вялікай ступені даніна павагі. Разам з тым, падчас чытання ловіш сябе на думцы, што некаторыя творы знайшлі б сваё месца і ў сучаснасці. Арыгінальнай падаецца ў гэтым сэнсе проза Валянціны Казлоўскай. З лёгкасцю ўяўляецца, як такія патрыятычныя рамантычныя легенды альбо юначыя жахалкі-жарты вандруюць праз пакаленні моладзевых асяродкаў, страціўшы пры гэтым імя аўтара, як часам бывае. Ёсць тут чым пажывіцца і мовазнаўцам, бо мова твораў Пятра Сакала і Лясной Кветкі адлюстроўвае паўсядзённую беларускую мову, якой карысталіся беларусы міжваеннай Латвіі.
Вядома, гэта не першае знаёмства беларускага чытача з Пятром Масальскім і Валянцінай Казлоўскай. Да гэтага былі асобныя публікацыі — нізкі вершаў, успаміны, біяграфіі, згадкі ў навуковых публікацыях. Але выданне выбраных твораў асобнай кнігай ажыццёўлена ўпершыню. І гэта, безумоўна, важная падзея найперш у свеце літаратуразнаўчай навукі.
Жанна КАПУСТА
Фота Кастуся Дробава
ЛіМ, №44, 2016
СКАЧАТЬ