Што можа сказаць звычайны чалавек пра сусветна вядомага мастака Вінсэнта Вілема Ван Гога, апроч, зразумела, прозвішча? Думаецца, адразу ўспомніцца адрэзанае вуха (ці яго частка?), хоць якое з двух – шмат для каго застанецца пытаннем. Прычынай, пэўна, большасць назаве страсць да абсэнту, хоць пры падобнай рэакцыі давялося б мастаку наносіць сабе пашкоджанні рэгулярна. Ды і астатнім ужывальнікам моцнага напою, які з пачатку мінулага стагоддзя быў пад забаронай амаль да нашага часу, таксама. Нехта ўзгадае «Сланечнікі» або «Пшанічнае поле…» Матэрыяльна цікаўныя скажуць, што пры жыцці творчасць мастака была незапатрабаванай, а цяпер яго палотны прадаюцца на сусветных аукцыёнах за дзясяткі мільёнаў долараў. Жывапісна прасунутыя паведамяць, што Ван Гог не меў мастацкай адукацыі, таму вынайшаў уласны стыль, у якім стварыў некалькі соцен карцін. Хутчэй за ўсё, не застанецца паза ўвагай і ранняя смерць генія (ці то з-за самастрэлу, ці то з-за стрэлу), хоць, падаецца, гэта не надта істотна скараціла тэрмін яго жыцця… Бог карае асобных прадстаўнікоў чалавецтва, каб яны спрыялі развіццю ўсёй цывілізацыі.
Аднак размова пра ўнікальны праект, зроблены прафесійнымі паэткамі Ірынай Карнаухавай, Бажэнай Мацюк (Ганушкінай) і Марынай Шапавалавай. Сутнасць праекта – у вершаваных радках, дакладней, паўнавартасных вершах як асобных творах, напісаных на выказванні Ван Гога узятых большай часткай з яго перапіскі з малодшым братам Тэадорам і ўключаныя ў цытатнікі чалавецтва.
Чаму праект унікальны? Справа ў тым, што менавіта абмежаванні і робяць творчасць сапраўднай: больш майстэрскай, шчырай, маральнай. Калектыўнасць рэдка бывае ўласціва творцам, а ўменне працаваць сінхронна (праект усе тры паэткі вялі паралельна – стараліся не адставаць і не забягаць наперад) – яшчэ радзей, бо гэта ўменне зацугляць Музу або пераключыцца на іншыя аспекты і формы жыцця і творчасці. У спалучэнні са спагаднымі паважлівымі адносінамі без самазгубнай зайздрасці і разбуральнай канкурэнцыі. Пры гэтым спаборніцкі азарт і імкненне дайсці ў тройцы да фінішу, вядома, прысутнічалі, а кожная з паэтак засталася сабой: стыль Ірыны – асацыятыўна-катэгарыйны, Бажэны – інтэлектуальна-адчайны, Марыны – пачуццева-класічны.
Усцешаны паспяховым завяршэннем праекта, а таксама магчымасцю публічна па ім выказацца і прыкласці да яго шурпатую і пяшчотную рэдактарскую руку. Бо паўтаруся, калектыў самадастатковы і ў мастацкім, і ў тэхнічным сэнсе.
Свет уладкаваны такім чынам, што на мужчынах ляжаць спробы зрабіць, вынайсці, стварыць нешта новае – нейкім чынам праявіць сябе. Хоць звычайна робіцца гэта трагічна, навацыі не асабліва ўражваюць і не заўсёды ідуць на карысць чалавецтву… Справа жанчын – больш далікатная і высакародная: захаванне, вывучэнне, выкарыстанне і культывацыя годнага або спрыяльнага жыццю, пошуку месца ў ім. Гэта і ёсць той бінарны сплаў, які называецца творчасцю.
Юрась НЕРАТОК
СКАЧАТЬ