У чаканні дажджу


У чаканні дажджу

«Кропелькі» – зборнік невялічкіх твораў-«кропелек» Святланы Быкавай не так даўно выйшаў у свет. Яшчэ раз пераканалася: лаканічная думка ці трапны вобраз здольныя стварыць надзвычай яркае ўражанне.

Невялікія паэтычныя творы з глыбокім сэнсам пачалі з’яўляцца яшчэ ў старажытнасці. Напрыклад, двухрадкоўі ўзніклі ў антычнай Грэцыі. Японцы некалі прыдумалі танка – караценькія лірычныя вершы з філасофскім падтэкстам. З вуснай народнай творчасці іранцаў выйшла лірыка з філасофскімі разважаннямі, вядомая ў свеце як рубаі. Сучасныя паэты нярэдка звяртаюцца да кароткіх паэтычных форм, бо ў іх яскрава праяўляецца і адточваецца майстэрства вершаскладання. Яшчэ такія «карацелькі» патрабуюць надзвычайнага паглыблення ў сутнасць рэчаў і з’яў.

Паспрабавала свае сілы ў лаканічным вершаскладанні і вядомая паэтка Міншчыны, да таго ж старшыня абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі, Святлана Быкава. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што ў зборніку «Кропелькі» не толькі малафарматныя творы. Але якраз яны робяць кніжку арыгінальнай, глыбокай па зместу і дынамічнай па структуры. Быкаўскія афарызмы, выказванні і сентэнцыі, увасобленыя ў рыфме, эфектныя не толькі знешне. Яны неяк незаўважна, далікатна далучаюць чытача да аўтарскіх разважанняў пра досыць складаныя рэчы: сэнс жыцця і сістэму чалавечых каштоўнасцей, жыццёвыя прыярытэты, сумленне і ганарыстасць, каханне і душэўныя пакуты.

Сказал мудрец, что истина одна,

Но только каждому по-своему видна:

Пчела, стараясь, собирает мёд,

А жук в навозе счастливо живёт…

Разважаючы над аўтарскімі алегорыямі, міжволі пачынаеш выпрабоўваць на трываласць і годнасць уласныя перакананні, перабіраючы ў думках розныя калізіі свайго жыцця. Іншымі словамі, працуеш над сабой, што, безумоўна, карысна чалавеку ў любым узросце.

Творы на рускай і на беларускай мовах сабраны ў тэматычныя блокі. Так, у раздзеле «Рыфмуючы мудрацоў» аўтар удала надае паэтычную форму выказванням вядомых людзей. Паэтычнае майстэрства і здольнасць Святланы Быкавай па-сучаснаму, сённяшнім днём пераасэнсаваць думкі вядомых мысляроў робяць гэтую частку зборніка самай адметнай.

«Пока талант дорогу пробивает, бездарность выслужиться успевает» (паводле Уладзіміра Жамчужнікава). Альбо вось яшчэ быкаўская інтэрпрэтацыя – паводле Франсуа Ларашфуко: «Мы часто мудрствуем в делах чужих, но только ошибаемся в своих». Ёсць пра што паразважаць-падумаць, ці не так?

Цікавым атрымаўся беларускамоўны раздзел кніжкі. Тут адчуваецца нацыянальны каларыт, ёсць прыгожыя і светлыя вершы пра родную прыроду, якая, паводле прызнання аўтаркі, нязменна дорыць ёй натхненне. Сустракаюцца сапраўды дасціпныя выразы, якія можна не адразу асэнсаваць і зразумець, але потым хочацца ўзяць іх на ўзбраенне. Вось як гэты, напрыклад: «Граблі – гэта Божы дар: навучальны інвентар»...

Крыху недарэчна, мне здаецца, побач з гэтымі кропелькамі мудрасці і разумнасці, дасціпнасці і тонкага гумару выглядаюць «Прыпеўкі» – раздзел, дзе аўтарка спрабуе сябе ў гэтым папулярным народным жанры. Не, быкаўскія прыпеўкі не сумныя і не нудныя альбо нецікавыя. Наадварот, ёсць з чаго пасмяяцца. Толькі неяк яны дысаніруюць з агульным зместам і накіраванасцю зборніка.

Зрэшты, такой бяды: кропелькі – яны і ёсць кропелькі. З іх пачынаецца дождж. А пасля яго заўсёды дыхаецца лягчэй і на душы весялей, то бок чытач нічога не згубіць, хіба што набудзе, узяўшы ў рукі новую кнігу Святланы Быкавай. Якая, дарэчы, мае досыць зручны фармат  – лёгка змесціцца ў торбе ці нават у кішэні.

Кацярына АГЕЕВА

СКАЧАТЬ